viasna on patreon

Беларуская амбасада адмовіла ў візах прадстаўнікам швэдзкіх няўрадавых арганізацый

2005 2005-05-23T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
Беларуская амбасада ў Швэцыі адмовіла ў візах 9-ці прадстаўнікам швэдзкіх няўрадавых арганізацый, якія меліся прыехаць на беларуска-швэдзкую канфэрэнцыю ў Менск. Апроч таго, ад арганізатараў мерапрыемства – швэдзкага цэнтра разьвіцьця міжнароднага супрацоўніцтва “Forum Syd” і аддзяленьня ў Менску амбасады Швэцыі ў Маскве – Менгарвыканкам запатрабаваў адмысловага дазволу на правядзеньне канфэрэнцыі. У выніку яе адмянілі.

У менскім гатэлі “Беларусь” плянавалася кантактная беларуска-швэдзкая канфэрэнцыя няўрадавых арганізацый. Яе мэта была ў наладжваньні сумесных праектаў у сацыяльнай ды экалягічнай сфэрах. Аднак напярэдадні мерапрыемства дырэкцыя гатэля запатрабавала дазволу на яго правядзеньне. Яна спаслалася на факс з упраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму. Са зьместам факсу арганізатараў канфэрэнцыі не азнаёмілі, але на яго падставе гатэль “Беларусь” адмовіў швэдзкаму боку ў арэндзе памяшканьня.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму Уладзімер Зубрык патлумачыў, што арганізатары падобных канфэрэнцый павінны зьвяртацца па адпаведны дазвола.

(Зубрык: ) “Зьвяртаюцца да нас, мы альбо растлумачваем, як гэта неабходна правесьці, якія неабходна падрыхтаваць дакумэнты, да каго зьвярнуцца, каб даць дазвол на правядзеньне гэтага мерапрыемства. Яны да нас не зьвярталіся, таму мы і…Дырэктар гатэля да нас зьвярнуўся. Ён папрасіў даць тлумачэньні, як гэтыя мерапрыемствы праводзяцца. Мы далі яму тлумачэньні ў гэтым пытаньні ”.

Спадар Зубрык пераказаў зьмест паперы, накіраванай дырэктару гатэлю.

(Зубрык: ) “Дазвол дае Палата прадстаўнікоў, камісія, а ў гэту камісію накіроўваюцца дакумэнты аб правядзеньні мерапрыемстваў праз міністэрства эканомікі. Таму зьвяртацца трэба ў міністэрства эканомікі, а тыя перадаюць дакумэнты ў Палату прадстаўнікоў і там прымаецца рашэньне”.

На падставе якога закону гэта ўсё робіцца прадстаўнік упраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму не патлумачыў.

Арганізатары канфэрэнцыі - цэнтар “Forum Syd” і швэдзкае дыппрадстаўніцтва – гатовыя былі перайначыць фармат сустрэчы і правесьці яе па-за межамі гатэля. Аднак узьнікла новая перашкода – удзельнікі канфэрэнцыі са Швэцыі не атрымалі беларускіх візаў і не змаглі прыехаць у Менск. Чаму ж беларуская амбасада ў Стакгольме адмовіла ў выдачы візаў? Гэтае пытаньне да прадстаўніка ўправы інфармацыі зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Руслана Есіна.

(Есін: ) “Міністэрства замежных справаў, як правіла, не камэнтуе. Гэта міжнародная практыка, яе прытрымліваецца Беларусь, гэтак як і ўсе астатнія эўрапейскія краіны. Больш я не камэнтую, прабачце ”.

Тым часам прадстаўнік швэдзкага цэнтра Forum Syd у Менску Ўладзіслаў Вялічка тлумачыць: беларускія ўлады стварылі такія ўмовы, што канфэрэнцыю давялося адмяніць.

(Вялічка: ) “ Інфармацыя была пададзена ў час і адкрыта гэта ўсё рабілася, уся падрыхтоўка, ішла камунікацыя з міністэрствам замежных спраў Беларусі. Нельга сказаць, што яны пазытыўна ставіліся да гэтага мерапрыемства, але ніякіх нэгатыўных камэнтароў падчас падрыхтоўкі мы ад іх не атрымалі, ніякай забароны на гэта не накладалася. Так што гэта абсалютна нечакана, пакуль неабгрунтаванае рашэньне, чаму швэдзкім грамадзянам не выдалі беларускія візы ”.

Яшчэ адзін прадстаўнік швэдзкага цэнтра “Forum Syd” Тацьцяна Пашэвалава працягвае камэнтаваць сытуацыю.

(Пашэвалава: ) “Сапраўды, пайшла такая нейкая ўстаноўка: усе публічныя мерапрыемствы, накшталт канфэрэнцый ці сэмінараў, у цяперашнім міжнародным становішчы на ўсякі выпадак стрымаць. Зараз яны ўладам не падабаюцца чамусьці. Проста неяк непажадана, каб шмат людзей зьбіралася ў адным месцы і нешта там абмяркоўвалі, проста баяцца публічных дыскусій нават на сацыяльныя тэмы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства