Улады забаранілі беларуска-шведзкую канферэнцыю
Пад прымусам чыноўнікаў камітэту па ідэалёгіі Менгарвыканкаму адміністрацыя гатэлю “Беларусь”, дзе 20-22 траўня мусіла прайсьці кантактная беларуска-швэдзкая канфэрэнцыя, адмовіла ў арэньдзе памяшканьня. А беларуская амбасада ў Швэцыі ў апошні момант адмовіла ў атрыманьні візаў швэдзкім удзельнікам кантактнай канфэрэнцыі, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.
З 20 па 22 траўня плянавалася правядзеньне кантактнай беларуска-швэдзкай канфэрэнцыі ў менскім гатэлі “Беларусь” з мэтай разьвіцьця кантактаў, плянаваньня новых і аналізу ўжо зрэалізаваных партнэрскіх праектаў. Арганізатарамі канфэрэнцыі выступілі швэдзкі цэнтар разьвіцьця міжнароднага супрацоўніцтва грамадзкіх арганізацыяў Forum Syd (“Форум Сюд”) і аддзяленьне ў Менску амбасады Каралеўства Швэцыі ў Маскве. Пра ўдзел у канфэрэнцыі заявілі больш за 100 беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, зь якіх да ўдзелу было адабрана 30. Да таго ж, сёньня ў Менск павінныя былі прыбыць 17 прадстаўнікоў швэдзкіх няўрадавых арганізацыяў. Але сёньня арганізатары былі вымушаныя адмяніць канфэрэнцыю і перанесьці яе правядзеньне на нявызначаны тэрмін.
Яшчэ ў панядзелак, 16 траўня, у гатэль “Беларусь” прыйшоў факс з камітэту па ідэалёгіі Менгарвыканкаму. У ім паведамлялася, што арэнда ўсіх памяшканьняў, якую будуць аплочваць замежныя арганізацыі, з моманту атрыманьня факса павінна разглядацца як замежная дапамога. Адпаведна, гэтыя сродкі неабходна рэгістраваць ва ўстаноўленым парадку ў Дэпартменьце па гуманітарнай дзейнасьці ці ў Міністэрстве эканомікі. На падставе гэтага папярэджаньня ад ідэолягаў з менгарвыканкаму адміністрацыя гатэлю “Беларусь” адмовіла арганізатарам у прадастаўленьні памяшканьня.
Нягледзячы на гэта, была знойдзеная магчымасьць правесьці канфэрэнцыю ў іншым месцы зь некаторым зьмяненьнем фармату. Да сёньняшняга дня арганізатары працягвалі вырашэньне апошніх арганізацыйных момантаў. Але зранку стала вядома, што беларуская амбасада ў Швэцыі адмовіла ў выдачы віз прадстаўнікам швэдзкіх арганізацыяў, якія плянавалі ўзяць удзел у беларуска-швэдзкай сустрэчы ў Менску.
Пакуль няма ніякіх афіцыйных тлумачэньняў адносна дзеяньняў беларускіх уладаў. Але меркаваныя ўдзельнікі канфэрэнцыі з беларускага боку ўпэўненыя, што ўсе перашкоды, створаныя ўладамі ў правядзеньні сустрэчы, маюць палітычны, а не тэхнічны характар. Яны таксама перакананыя, што забарона такой буйной канфэрэнцыі сьведчыць пра непажаданасьць грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі.
У арганізацыю сарванай беларуска-швэдзкай канфэрэнцыі былі задзейнічаныя дзяржаўныя структуры Швэцыі (Міністэрства замежных справаў, менскае аддзяленьне амбасады Швэцыі ў Маскве). Таму цяпер хутчэй за ўсё паўстаньне пытаньне беларуска-швэдзкіх стасункаў на дыпляматычным узроўні.
“Абмежаваньне кантактаў беларусаў з замежнымі партнэрамі з дэмакратычных краінаў, якое рэалізуецца ўладамі ў такой грубай форме, не застанецца незаўважаным і зьяўляецца проста абуральным. І тое, што нас пазбаўляюць магчымасьцяў легальна праводзіць сустрэчы з замежнымі партнэрамі, не азначае, што мы адмовімся ад падобных кантактаў наогул. Мы будзем шукаць іншыя формы рэалізацыі нашых правоў. А кожны з замежнікаў, хто сутыкаецца з падобным стаўленьнем беларускіх уладаў да беларусаў і да сябе асабіста, як паказвае практыка, пасьля пачынае прыкладаць больш намаганьняў для зьмяненьня сытуацыі ў Беларусі”, - пракамэнтаваў забарону канфэрэнцыі старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.