Ірыне Халіп уручаць прэстыжную прэмію за абарону свабоды слова
Намесніку галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" Ірыне Халіп прысуджана прэмія імя Хенры Наннена "на знак прызнання яе мужнага выступлення ў абарону свабоды прэсы і станаўлення дэмакратычнай сістэмы на радзіме". Пра гэта са спасылкай на прэс-службу амбасады Германіі ў Беларусі паведамляе агенцтва БелаПАН.
"У Германіі ўважліва сочаць за працай прэсы ў іншых краінах. Газеты і асобныя журналісты з Беларусі неаднаразова былі ў мінулым лаўрэатамі прэстыжных нямецкіх прэмій у галіне журналістыкі. Як бы часта мы ні ўзгадвалі як раз у гэтыя дні пра мінулае, нашыя погляды звернуты ў будучыню. У гэтым яскрава праяўляюцца шчыльныя сувязі паміж грамадзянскімі супольнасцямі ў Германіі і Беларусі", -- гаворыцца ў спецыяльнай заяве амбасады Германіі ў Беларусі.
Урачыстая цырымонія ўнагароджання пройдзе 20 траўня ў Гамбургу. Мяркуецца, што ўзнагарода будзе ўручаная ў прысутнасці федэральнага міністра замежных спраў Германіі Ёшкі Фішэра.
Даведка БелаПАН: Заснаванай у 2005 годе прэміяй Хенры Наннена выдавецкі дом "Грунер + Яр" і штотыднёвік "Штэрн" узнагароджваюць журналістаў у намінацыях: рэпартаж, журналісцкае расследаванне, гумарыстычны рэпартаж і фатаграфія. Акрамя таго, прэміяй адзначаецца ўнёсак у публіцыстыку і ў справу абароны свабоды прэсы ў Германіі і за мяжой.