Астравецкую грамадзкую арганізацыю “Клюб выбаршчыкаў” пазбавілі юрыдычнага адрасу, а новае месца“прапіскі” ўлады пакуль адмаўляюцца зацьвярджаць.
Пра гэта паведаміў партал www.belngo.info. Кіраўнік “Клюбу выбаршчыкаў” Іван Крук здолеў атрымаць юрыдычны адрас у прыватным доме. Аднак мясцовае аддзяленьне МНС выставіла грамадзкім актывістам 8 патрабаваньняў, якія яны мусілі выканаць, каб атрымаць дазвол на выкарыстаньне гэтага памяшканьня па прызначэньні (пазьней іх засталося пяць).
Надалей на шляху перарэгістрацыі клюбу паўстаў райвыканкам. Ён запатрабаваў перавесьці будынак у нежылы фонд. Як прафэсійны юрыст, І. Крук знайшоў у гэтым адказе пэўныя хібы і зьвярнуўся з заявай у пракуратуру. Апошняя ня стала аспрэчваць рашэньне мясцовай улады, але параіла зьвярнуцца ў абласную пракуратуру.
Безумоўна, гэтая перапіска замінае нармальнай дзейнасьці грамадзкай арганізацыі, але яе кіраўнік настроены рашуча і гатовы ў адстойваньні інтарэсаў “Клюбу выбаршчыкаў” дайсьці да Вярхоўнага суду Беларусі.