Магілёў: Кандыдаты патрабуюць разгледзець пытанне аб пераносе даты выбараў для выпраўлення дапушчаных парушэнняў
1 верасня адбылася сустрэча дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты Магілёўшчыны . У сустрэчы бралі ўдзел 14 з 16 зарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты. Па выніках сустрэчы быў падрыхтаваны зварот кандыдатаў у дэпутаты 4-га склікання Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь да прадстаўнікоў улады і выбаршчыкаў ад дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны. Ніжэй прыведзены тэкс звароту.
ЗВАРОТ
кандыдатаў у дэпутаты 4-га склікання Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, да прадстаўнікоў улады і выбаршчыкаў ад дэмакратычных сілаў Магілёўскай вобласці
Мы, зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты, аб’яднаныя сваімі дэмакратычнымі поглядамі і адданасцю нацыянальным каштоўнасцям, выказваем стрыманы аптымізм з нагоды апошніх палітычных падзеяў у нашай краіне – вызвалення палітычных вязняў, рэгістрацыі шэрагу дэмакратычных кандыдатаў, імкнення ўлады адрадзіць добрыя ўзаемаадносіны з ЗША і Еўропай. Мы таксама ўхваляем заявы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і кіраўнічкі Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай адносна гатоўнасці забяспечыць празрыстыя і сумленныя выбары.
Разам з гэтым, мы не можам не звярнуць увагу на факты, якія пэўным чынам абвяргаюць гэтае заявы. У нашай вобласці, па абсалютна надуманых прычынах не прайшлі рэгістрацыю чатыры кандыдата ў дэпутаты ад дэмакратычных сілаў. Усяго пяць прадстаўнікоў (са 124 прэтэндэнтаў) дэмакратычных сілаў было ўключана ў склад участковых выбарчых камісій, у якія ўваходзіць 8983 чалавекі ў Магілёўскай вобласці. У рэгіёнах працягваецца маральны ціск на нашых кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб. Для запужвання прэтэндэнтаў у дэпутаты выкарыстоўваюцца фінансовыя органы, міліцыя і КДБ, а ў некаторых раёнах і дзяржаўныя СМІ, якія дэскрэдэтуюць нашых дэмакратычных кандыдатаў.
Мы, зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты, паспяхова прайшлі частку свайго выбарчага шляху, за што ўдзячны, найперш, нашым выбаршчыкам, і гатовы ісці далей – да перамогі. Перамога магчыма, бо ў грамадстве пашыраецца паразуменне прычынаў, па якіх наша краіна – негледзячы на свой высокі патэнцыял – не ўваходзіць у цывілізаваную еўрапейскую супольнасць. Вырашэнню гэтай праблемы можа спрыяць кіраўніцтва краіны, якое дасць магчымасць на роўных умовах прадстаўнікам дэмакратычных сілаў канкураваць з праўладнымі прэтэндэнтамі ў дэпутаты.
У той жа самы час, мы, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны, пакідаем за сабой права зняць свае кандыдатуры з выбарчай гонкі, у выпадку, калі ўлада не пачуе і не адрэагуе належным чынам на наш зварот. Перш за усё, мы настойваем на строгім адпавяданні нормам і патрабаванням Канстытуцыі Беларусі, Выбарчага Кодэкса і міжнародных стандартам правядзення выбараў.
Мы патрабуем вярнуцца да моманту фармавання ўчастковых камісій і ўключыць у іх больш прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадскіх арганізацый, а таксама грамадзян, якія гатовы прыняць удзел у гэтай працы.
Мы патрабуем неадкладна спыніць ціск на кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб з дапамогаю дзяржаўных органаў і структур, у якіх, адпаведна Канстытуцыі ёсць свае непасрэдныя функцыянальныя абавязкі.
Мы патрабуем разгледзіць пытанне аб пераносе выбараў на больш позні тэрмін, а да гэтага часу - выправіць усе парушэнні, якія мелі месца падчас выбарчай кампаніі да гэтага моманту. Мы разумеем, што гэта прынясе пэўныя фінансавыя страты, але дзяржава не павінна эканоміць на законнасці і прынцыпах дэмакратыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”