17 траўня Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску пасол Эбэргард Гайкен наведаў палітзьняволенага прафэсара Юрыя Бандажэўскага.
Паводле прадстаўніка офіса АБСЭ, гэты візыт разглядаецца ў шэрагу сустрэчаў Эбэргарда Гайкена, які раней наведаў палітзьняволеных Аляксандра Васільева і Міхаіла Марыніча.
Пасол Гайкен наведаў прафэсара Бандажэўскага ўжо на ягоным новым месцы пасяленьня, у сельскагаспадарчым вытворчым каапэратыве "Беліца-агра" у Лідзкім раёне, куды яго перавезьлі некалькі дзён таму.
Ад сеняшнега дня былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытута, вядомы ў сьвеце навуковец Юры Бандажэўскі пачне працу сьлесарам на фэрме. На ранейшым месцы пасяленьня ў Пескаўцах ён працаваў вартаўніком.
Жонка прафэсара Галіна выказвае "Радыё Свабода" занепакоенасьць умовамі працы на фэрме. "Там жа аміяк і хлёрка, там нельга працаваць чалавеку зь язвай, гэта ўсё абвастраецца. Я кажу лепшай працы ўжо табе не знайшлі, там жа ёсьць і ўчастковая лякарня. Карацей, адно зьдзек", -- кажа жонка прафэсара.
Прафэсара Бандажэўскага пасялілі ў вясковай хаце, у якой ніхто ня жыў цягам гадоў сямі.
Што да чаканай амністыі, то пакуль пэўнасьці ў гэтым няма, абяцаньням скасаваць адзін год Галіна Бандажэўская ня надта верыць. "Усюды хлусьня. Нашым праваахоўным органам верыць практычна наогул нельга. Для нас пішуць законы асобна і як хочуць, так гэты закон і прымяняюць", -- кажа жанчына.