viasna on patreon

Светлагорск: Паказваюць па тэлебачанні, ды не ўсіх…

2008 2008-09-01T18:28:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Светлагорску кандыдата “ад улады” ў Палату прадстаўнікоў Валянціну Кавалёву паказалі па тэлевізары. Раней, на этапе збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў, В. Кавалёву паказаў тэлеканал “Лад”. Тутэйшага дэмакратычнага кандыдата – Сяргея Дайнеку – афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі не паказваюць.

Валянціна Кавалёва – дэпутат Палаты прадстаўнікоў з 2004 г. і зараз зноў вядзе агітацыйную кампанію. Адразу з паседжання акруговай выбарчай камісіі, на якой яе зарэгістравалі кандыдатам на новыя выбары, В. Кавалёва прыйшла на раённую нараду настаўнікаў. Такія нарады праводзяцца перад кожным навучальным годам, але не кожны раз у прэзідыўме сядзіць дэпутат.

Вядома, асноўная частка членаў участковых выбарчых камісій – настаўнікі. Выступаючы на нарадзе, начальніца аддзела адукацыі Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта Людміла Вялічка звярнула ўвагу на тое, што “новы навучальны год будзе годам выбараў у Палату прадстаўнікоў”. Пасля на трыбуну павіншаваць прысутных выйшла В. Кавалёва.

Гэта стала нагодай паказаць В. Кавалёву 28 жніўня ў навінах мясцовага тэлебачання “Ранак”. Удзельнікі нарады кажуць, што яе старанна здымалі і на фотаапарат. Таму відавочна, што здымак з В. Кавалёвай з’явіцца і ў бліжэйшым выпуску мясцовай штотыднёвай газеты “Ранак-плюс”. Прычын для таго, каб паказваць дэмакратычнага кандыдата Сяргея Дайнеку, у афіцыйных СМІ няма.

Паводле сайта Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, дырэктарам кампаніі “Ранак” з’яўляецца Ігар Васільевіч Кашлікаў. Курыруе “кантралюмыя” светлагорскія СМІ намеснік старшыні райвыканкама па ідэялогіі Сяргей Меркулаў – ён жа з’яўляецца і старшынём акруговай выбарчай камісіі. На гэтай пасадзе ў райвыканкаме раней працавала і сама В. Кавалёва, якая таксама ў свой час была старшынём акруговай камісіі і нават атрымала медаль пасля “элегантна” праведзеных выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства