viasna on patreon

Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі толькі да 23 верасня

2008 2008-08-30T16:46:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

30 жніўня адбыўся чарговы Сойм Партыі БНФ, удзел у якім узялі апроч сябраў Сойму зарэгістраваныя і незарэгістраваныя кандыдаты ад Партыі БНФ, а таксама лідэры найбуйнейшых рэгіянальных арганізацыяў.

У сувязі з масавымі неўключэннямі прадстаўнікоў Партыі БНФ у склад выбарчых камісіяў розных узроўняў, а таксама ў сувязі з нерэгістрацыяй у якасці кандыдатаў лідэраў Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, Віктара Івашкевіча, актывістаў Сяргея Салаша, Альберта Яўменава Сойм прыняў рашэнне працягнуць удзел у выбарах да 23 верасня. Да гэтага часу ўсе кандыдаты ад партыі павінны зняць свае кандыдатуры.

“У звязку з тым, што ніводнае з патрабаванняў партыі ўладамі ня выканана, кандыдаты ў дэпутаты ад БНФ здымуць свае кандыдатуры 23 верасня,” – патлумачыў адказны сакратар Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч. – Мы пакідаем за сабой права, улічваючы, што наш сойм будзе 20 верасня, адмяніць гэтае рашэнне ў выпадку, калі ўлады рэальна хоць нешта прадэманструюць. Пакуль што Партыя БНФ застаецца аб’ектам рэпрэсій, якія стала ўзмацняюцца. І нерэгістрацыя нашых двух асноўных кандыдатаў Вінцука Вячоркі і Віктара Івашкевіча ёсць апошняй кропляй”.

Паводле спадара Лабковіча, Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч падалі скаргі на адмову ў рэгістрацыі іх кандыдатамі ў дэпутаты. 

Рашэньне Сойму каментуе старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:

"Сойм Партыі БНФ, у якім узяла ўдзел бальшыня кандыдатаў, кіраўнікі рэгіянальных структураў прыняў такое рашэнне на падставе таго, што выбарчая кампанія дасюль мела дыскрымінацыйны характар: нерэгістрацыя кандыдатаў, неўключэньне іх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, пазбаўленне працы Аляксандра Меха і Леаніда Аўтухова, гвалтоўны прызыў у войска Віталя Каратыша, допыты ў КДБ і іншыя віды прамога ўціску. Усё гэта ператварыла выбарчую кампанію ў фарс і дало падставу прыняць рашэнне весці кампанію да 23 верасня - да моманту пачатку галасавання, дзе і робіцца фальсіфікацыя.

Падчас агітацыйнага перыяду нашыя кандыдаты будуць рабіць акцэнт на тое, што справядлівых выбараў няма. У той жа час, калі да 23 верасня ўлады зробяць радыкальныя крокі: зарэгіструюць нашых кандыдатаў, уключаць прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, рашэнне можа быць перагледжанае".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства