Міністэрства інфармацыі вынесла другое папярэджанне рэдакцыі газеты "Народная воля", інкрымінаваўшы ёй распаўсюд непраўдзівых звестак
Адначасова рэдакцыя даведалася, што супраць яе пададзеныя адразу 5 зыскаў ад грамадзян на суму 50 млн. рублёў кожны.
У арт. 32, у парушэнні якога мінінфармацыі вінавачвае "Народную волю", гаворыцца пра права грамадзян Беларусі на атрыманне праз СМІ праўдзівай інфармацыі. На думку міністэрства, газета парушыла гэтыя патрабаванні, апублікаваўшы ў нумары №77 ад 23 красавіка 2005 г. артыкул "Такая воля народа", дзе гаварылася, што пад калектыўным лістом у падтрымку стварэння грамадскага руху "Воля народа" паставілі свае подпісы больш за 300 работнікаў РУП "Беларуськалій".
Як стала вядома прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", у нумары ад 14-га траўня "Народная воля" апублікавала абвяржэнне гэтай інфармацыі, заявіўшы, што шэраг асобаў з гэтага спісу не з'яўляюцца супрацоўнікамі "Беларуськалія".
Тая ж красавіцкая публікацыя стсала падставай для 5 зыскаў ад супрацоўнікаў прадпрыемства "Беларуськалій", якія заяўляюць, што не падпісваліся ў падтрымку грамадскага руху "Воля народа". Кожны з іх патрабуе кампенсацыі ў памеры 50 млн. рублёў.
Нагадаем, што першае папярэджанне ў гэтым годзе "Народная воля" атрымала месяц таму, 13-га красавіка. Падставай для яго вынясення сталі 2 публікацыі, што з'явіліся ў сакавіку г.г. Першы артыкул быў надрукаваны 3-га сакавіка і называўся "Виртуальная война внучки с бабушкой". Мінінфармацыі палічыла, што аўтар (А. Сівы) апублікаваў не завершаныя вытворчасцю матэрыялы судовай справы без пісьмовага дазволу суддзі. 31-га сакавіка ў газеце было апублікавана "Обращение к воинам-интернационалистам" лідэра руху ім. Юрыя Захаранкі "Защитники Отечества" А. Волчака. Мінінфармацыі палічыла гэта распаўсюдам інфармацыі ад імя незарэгістраванага аб'яднання. Абодва парушэнні падпадаюць пад дзеянне арт. 5 закона "Аб друку і іншых СМІ".
Акрамя гэтага, у канцы траўня мае адбыцца суд па зыску лідэра ЛДП Сяргея Гайдукевіча супраць "Народнай волі". С. Гайдукевіч сцвярджае, што ў артыкуле "Письмо Гайдукевича. ?#152; факс Гайдукевичу" (№39 ад 1.03.2005) газета распаўсюдзіла несапраўдныя звесткі, і патрабуе кампенсаваць яго маральныя страты сумаю ў 200 млн. рублёў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"