viasna on patreon

Супрацоўніцу Гомельскага краязнаўчага музею звальняюць за грамадзкую дзейнасьць

2005 2005-05-17T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Дырэктар Гомельскага абласнога краязнаўчага музэю Аляксандар Алейнік падпісаў загад на звальненьне актывісткі сацыяльнага руху “Разам!”, супрацоўніцы музэю Марыі Багдановіч. Сваё звальненьне актывістка лічыць палітычна матываваным.

Паводле загаду, з 25 траўня яна афіцыйна стане беспрацоўнай. Прычыну звальненьня намесьнік дырэктар краязнаўчага музэя Алег Ражкоў патлумачыў так: “Яна не дакладна выконвала ўказаньні, якія даваліся. Яна была захоплена грамадзкай працаю. У яе склалася такая практыка — займацца ў рабочы час грамадзкай працаю. І пакуль яна не затармазіла ў гэтым пляне, пасьпела атрымаць некалькі спагнаньняў”.

Сама Марыя Багдановіч лічыць сваё звальненьне палітычна матываваным: “Тут відавочныя палітычныя матывы звальненьня. Наймальнік не хаваў гэтага. Калі я прыйшла да дырэктара музэю ў кабінэт, ужо ведаючы, што будзе канчатковы загад, то першае ў яго было пытаньне: “Ці не адмовіцеся вы ад сваёй дзейнасьці?” Я адказала: “Не!” Я не лічу сябе вінаватай. Я супраць таго, каб пагаджацца з уладамі, таму што сёньня ад мяне наймальнік патрабуе пагадненьня, а заўтра выклічуць у гарвыканкам і скажуць: пагаджайцеся, а то нідзе ня знойдзеце працы”.

Паводле суразмоўцы, прэтэнзіі да яе пачаліся летась пасьля афіцыйнай дэманстрацыі з нагоды кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады група гараджанаў, у тым ліку і спадарыня Багдановіч, выйшлі на дэманстрацыю зь лёзунгам “Далоў самаўладзьдзе!”, пра гэта распавяла “Народная Воля”. У дзень выхаду газэты ў музэй патэлефанавала намесьніца начальніка ўпраўленьня культуры Лілія Буланава.

(Багдановіч: ) “Яна мне нагадала, што я працую ў дзяржаўнай установе, дзе існуе дзяржаўная ідэалёгія. Гэта было афіцыйнае папярэджаньне. Відаць, тады яшчэ ня ставілася мэта звольніць, а ставілася толькі мэта запалохаць”, — лічыць спадарыня Багдановіч.

Сёлета Марыя Багдановіч разам з дэпутатам гарсавету Юрасём Глушаковым, таксама супрацоўнікам музэю, замаўляла мітынг супраць падвышэньня камунальных плацяжоў, платнай мэдыцыны і прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў унівэрсытэтаў у чарнобыльскія раёны.

Калі гарвыканкам дазволіў, а пасьля забараніў мітынг, спадарыня Багдановіч з аднадумцамі стала дамагацца ў судах адмены забароны. Акурат у гэты самы час дырэкцыя музэю і стала выносіць Марыі Багдановіч і дэпутату Глушакову заўвагі ды вымовы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства