Юрыя Алейніка і ягонага бацьку затрымалі на мяжы
На памежным пераходзе «Варшаўскі мост» на беларуска-польскай мяжы ў Ю.Алейніка і ягонага бацькі памежнікі знайшлі раздрукоўкі з сайту «Свабоды» ды іншых беларускіх і расейскіх інфармацыйных рэсурсаў. Найбольшую ўвагу прыцягнулі адказы Аляксандра Казуліна ў часе онлайн-канфэрэнцыі на сайце Lenta.ru
Памежнікі патрабавалі напісаць тлумачальныя, што гэта за матэрыялы і адкуль яны. Ю.Алейнік сказаў, што зробіць гэта толькі пасьля таго, калі яму патлумачаць прычыну затрыманьня, ягоны статус і статус ягонага бацькі, а таксама дадуць кнігу скаргаў. Памежнікі адмаўляліся адказваць на ўсе пытаньні.
У Алейнікаў таксама забралі пашпарты. На пытаньне, колькі яны яшчэ будуць сядзець, адзін з памежнікаў адказаў: «Яшчэ доўга». Аднак, як стала вядома, пазьней бацьку і сына адпусьцілі, забраўшы раздрукоўкі на экспэртызу.
Летась Юрыя Алейніка за палітычную актыўнасьць выключылі з IV курсу Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Цяпер хлопец вучыцца ва ўнівэрсытэце «Вышэйшая школа эканомікі» ў Маскве.