14 траўня — 10-я гадавіна рэфэрэндуму, у выніку якога беларуская мова пазбавілася статусу адзінадзяржаўнай, а таксама перасталі быць дзяржаўнымі сымбалямі бел-чырвона-белы сьцяг з "Пагоняй"
Кірыла ПАЗЬНЯК
14 траўня — 10-я гадавіна рэфэрэндуму, у выніку якога беларуская мова пазбавілася статусу адзінадзяржаўнай, а таксама перасталі быць дзяржаўнымі сымбалямі бел-чырвона-белы сьцяг з "Пагоняй". На той плебісцыт былі вынесеныя яшчэ два пытаньні (наконт права прэзыдэнта распускаць парлямант і наконт эканамічнай інтэграцыі з Расеяй), аднак рашэньні паводле іх былі не такія строгія — яны толькі акрэсьлілі пэўныя тэндэнцыі на час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Зрэшты, усталяваньне білінгвізму і скасаваньне нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных ня ёсьць нечым адназначна незваротным.
Супраць правядзеньня таго рэфэрэндуму выступалі многія, у тым ліку і ў Вярхоўным савеце. Дэпутаты БНФ нават галадавалі на знак пратэсту ў парляманце, аднак гэтая акцыя была брутальна прыпыненая спэцслужбамі. Адзін з галадоўнікаў Сяргей Навумчык у інтэрвію "Белорусским новостям" згадвае тагачасную атмасфэру і некаторыя красамоўныя дэталі.
— Празь некалькі месяцаў пасьля свайго абраньня на прэзыдэнцкую пасаду, у верасьні 1994 года, Лукашэнка мне сказаў (дарэчы, тая гутарка запісаная на магнітафонную стужку): "Вот ты, Сергей, критикуешь меня, что я якобы супраць беларускай мовы. А ты знаешь, что у меня дети в белорусской школе учились? Да что дети… У меня теща преподавала белорусский язык!".
Калі я пачуў пра цешчу, дык мне стала зразумела, адкуль у Лукашэнкі такое стаўленьне да мовы. Дарэчы, тое была адзіная афіцыйная сустрэча Лукашэнкі з лідэрамі парляманцкай апазыцыі — у далейшым была абраная тактыка барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, а вясной 1995 года якраз скасаваньне нацыянальных сымбаляў і адзінадзяржаўнасьці беларускай мовы ён узяў у якасьці тэхналёгіі выцясненьня апазыцыі з палітычнай сцэны.
З адлегласьці дзесяці-пятнаццаці гадоў пачатак 90-х успрымаецца занадта ідэалізавана — зьявіўся нават іранічны тэрмін "разгул кебічаўска-шушкевічаўскай дэмакратыі". Насамрэч усё было не так сьветла, як здаецца. Канешне, над краінай быў бел-чырвона-белы сьцяг, дзяржаўным гэрбам была "Пагоня" — і гэта было вялікае дасягненьне. Але тое, што ў пачатку 90-х гадоў праводзілася нейкая шырокая і прымусовая беларусізацыя, — міф: беларускіх школ усё адно заставалася менш, чымсьці расейскамоўных. Практычна ўсё чынавенства, уся армія, КДБ і МУС размаўлялі па-расейску. З больш як трохсот дэпутатаў Вярхоўнага савета па-беларуску выступалі толькі трыццаць (ня ўсе нават дэпутаты БНФ прамаўлялі на беларускай мове).
Я ня ведаю ніводнага прыкладу, калі б чалавека ў той час звальнялі з працы за тое, што ён ня ведае беларускай мовы, але ведаю дзясяткі выпадкаў, калі чалавека звальнялі за тое, што ён па-беларуску размаўляў. Прыгадайце хоць бы "чыстку" у арміі, калі ў масавым парадку звальнялі афіцэраў, што былі сябрамі Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
Яшчэ адзін міф — нібыта БНФ прымусова прасоўваў тарашкевіцу. Канешне, тарашкевіцу добра ведалі Пазьняк, Вячорка, ну, можа быць, яшчэ тры-чатыры чалавекі, калі браць палітыкаў. А вось я, напрыклад, пачаў засвойваць тарашкевіцу толькі калі пачаў працаваць на радыё "Свабода", і ў першыя месяцы эміграцыі прафэсар Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Ала Орса-Рамана мяне заўсёды папраўляла: "Не Амерыка, а Амэрыка!". Хаця я лічыў і лічу вялізнай заслугай Ігара Гермянчука тое, што газэта "Свабода", якая дасягнула накладу ў 100 000 асобніаў, выдавалася на тарашкевіцы.
— На вашую думку, калі б не настала дыскрымінацыйнага білінгвізму, у якім бы сёньня стане перабывала беларуская мова?
— Васіль Быкаў справядліва пісаў на пачатку 90-х, што рэалізацыя Закона аб мовах занадта расьцягнутая ў часе: ён выступаў за больш энэргічныя крокі. І ўсё ж тады ўдалося істотна пашырыць сфэры ўжытку беларускай мовы, стварыць новыя навучальныя ўстановы (той жа Коласаўскі ліцэй). Калі б сытуацыя разьвівалася натуральна, дык сёньня б беларуская мова арганічна заняла прыдатныя дзяржаўнай мове сфэры ўжытку — прыблізна на такім самым узроўні, як цяпер ва Ўкраіне, дзе нават і ў часы Кучмы міністры давалі інтэрвію нават маскоўскім тэлеканалам па-украінску.
У мяне абсалютна змрочны прагноз на бліжэйшую пэрспэктыву, калі казаць пра пяць-сем гадоў. Але былі ў Беларусі і больш жахлівыя часы: у гады вайны з маскоўскім царом Іванам Чацьвертым быў забіты кожны другі беларус, за Аляксандрам Другім за беларускае слова адпраўлялі ў Сібір. Але і мова, і "Пагоня" захаваліся. Не сумняюся, што праз трыццаць гадоў над Домам ураду будзе лунаць бел-чырвона белы сьцяг, а праўнукі Лукашэнкі будуць размаўляць па-беларуску.