Рэчыца: У камісіі вылучаліся па-рознаму, але падпарадкаваны аднаму начальніку
У Рэчыцкай выбарчай акрузе ў дэпутаты “ад улады” вылучаецца начальнік фінансавага аддзела Рэчыцкага райвыканкама Ала Ісачанка. Ад райвыканкама ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ўключаны 32 чалавекі. Ад дэмакратычных сіл у дэпутаты вылучаецца Валерый Пуціцкі. З 24 прадстаўнікоў дэмсіл, якія былі вылучаны, райвыканкам уключыў у камісіі трох чалавек.
Многія камісіі ўтвораны з работнікаў адной арганізацыі. Такім чынам, яны знаходзяцца ў залежнасці ад начальства. Напрыклад: на Пралетарскім выбарчым участку камісія складаецца з 11 чалавек, з іх 10 вылучаны ад падраздзяленняў упраўлення "Рэчыцанафта". І адзін чалавек, Л. А. Кавалеўская, вылучана шляхам збору подпісаў, аднак і яна - работнік гэтага ж прадпрыемства. На Лячэбным участку ва ўчастковай камісіі – 9 чалавек, усе – работнікі бальніцы. 8 з іх вылучаны ад аддзяленняў бальніцы і адзін ад райвыканкама.
Аднак пра многіх членаў камісій у газеце напісана, што яны вылучаны ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Што схавана за гэтай фармулёўкай? У раённым аддзяленні Беларускай дзяржаўнай страхавой арганізацыі “Белдзяржстрах” знаходзіцца камісія Маладзёжнага выбарчага ўчастку. У камісіі – 12 чалавек. 8 з іх вылучаны шляхам збору подпісаў, аднак усе яны – работнікі “Белдзяржстраха”. Сакратар камісіі Наталля Стрэльчанка вылучана ад “Белдзяржстраха”, а старшыня Людміла Чыжык – ад райвыканкама.
У дзяржаўных зводках фігуруюць лічбы пра тое, што ў камісіях нямала прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. У Рэчыцкай акрузе гэта выглядае так: 19 чалавек – ад афіцыйных прафсаюзаў, якія кантралююцца дзяржавай, і 12 – ад праўрадавага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”