КДБ вяртае журналістам кампутары
Журналісты недзяржаўных СМІ ў рэгіёнах атрымліваюць з КДБ адабраныя сёлета ў красавіку дакумэнты і кампутары.
Ахвярамі ператрусаў і допытаў сталі тады амаль 20 чалавек.
Сёньня журналістка з райцэнтру Бяроза на Берасьцейшчыне Тамара Шчапёткіна паведаміла “Свабодзе”, што яе кампутар, які ўвесну адабралі спэцслужбы -- зноў на звыклым месцы:
“Усё вярнулі. Прывезьлі ў хату. Я дзеля гэтага езьдзіла нават у пракуратуру Менску, каб асабіста прывезьці дазвол бярозаўскім супрацоўнікам КДБ і аддаць ім у рукі. І толькі праз два дні пасьля гэтага атрымала свой кампутар”.
Ператрусы 27 сакавіка прайшлі ў кватэрах амаль 20 рэгіянальных журналістаў. Падставай быў ордэр, выдадзены па старой справе пра сатырычныя мультфільмы пра Лукашэнку. Ордэр падпісаў намесьнік пракурора Менску Аляксей Стук. У мінулым чэрвені ён атрымаў падвышэньне па службе — працуе цяпер намесьнікам генэральнага пракурора. Пракамэнтаваць на просьбу “Свабоды” тую ранейшую справу ён адмовіўся.
Гаворыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец:
“БАЖ зьвяртаўся і ў Менскую, а таксама ў Генэральную пракуратуру і КДБ. Мы зьвярталі ўвагу на беспадстаўнасьць гэтых ператрусаў і канфіскацыі тэхнікі ды дакумэнтаў. Было відавочна: пракуратура ня мела ніякіх аргумэнтаў на тое, што нейкія рэчы, якія маюць дачыненьне да абразы Лукашэнкі, знаходзяцца ў гэтых журналістаў”.
БАЖ, як кажа Андрэй Бастунец, ужо дапамог 11 журналістам вярнуць з КДБ іхныя рэчы. Аднак сустракаюцца і выпадкі адмовы. Сьведчыць рэдактар Алесь Белы з Баранавічаў:
“На мае скаргі, а я напісаў ужо некалькі лістоў, адказы такія: “Вывучым пытаньне і пасьля вернем”. Аднак вывучэньне гэтае чамусьці зацягнулася”.
Пра прычыны перасьледу і канфіскацыі рэчаў у журналістаў і ня толькі ў іх разважае менскі палітык Сяргей Альфер:
“Забіралі для таго, каб ускладніць працу журналістаў. Але, як высьвятляецца, праца ідзе, як і раней. Таму сэнсу трымаць гэтае абсталяваньне ў сябе не было. Зь іншага боку, назіраецца такая тэндэнцыя — мы пакажам міжнароднай супольнасьці, што ў Беларусі дэмакратыі больш, чым ва ўсіх краінах, разам узятых. Ну, таму і вернем абсталяваньне ды іншыя рэчы”.
Сяргей Альфер таксама нагадаў, што 25 сакавіка 2006 году на мытні аэрапорту “Менск-2” беларускія спэцслужбы на мяжы сканфіскавалі грошы ў яго, а таксама ў Яраслава Раманчука, Андрэя Саньнікава і Вольгі Карач. Усе яны тады вярталіся з-за мяжы з сэмінару. Толькі праз восем месяцаў палітыкі дамагліся вяртаньня грошай.