Барысаў: Ва ўчастковыя камісіі не патрапілі толькі прыхільнікі Віктара Гарбачова і Сяргея Салаша
Як стала вядома з публікацый у дзяржаўных СМІ, у склад 107 участковых камісіі па двух выбарчых акругах Барысаўскага раёна было вылучана ад грамадзян шляхам падачы заяваў, ад працоўных калектываў, палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў 1192 прадстаўнікі.
Між тым, рашэннем Барысаўскага райвыканкама ў склад камісіі ўключана 1107 чалавек. Гэта значыць, "за бортам" засталося ўсяго 85 чалавек, якія жадалі прыняць непасрэдны ўдзел падчас падліку галасоў. Прычым 45 з іх прадстаўлялі Аб'яднаную грамадзянскую партыю і былі прыхільнікамі Віктара Гарбачова, які збіраецца балатавацца па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе №62, а яшчэ 12 былі прыхільнікамі Сяргея Салаша, які падаў дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе №63.
Раней начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы Барысаўскага райвыканкама Павел Жуга тлумачыў Віктару Гарбачову і Сяргею Салашу, што іх прадстаўнікі не патрапілі ў склад выбарчых камісій з-за вялікай колькасці прэтэндэнтаў. У той жа час па колькасным складзе ўчастковыя камісіі на двух Барысаўскіх акругах вагаюцца ад 5 да 14 чалавек, а Выбарчы кодэкс абмяжоўвае колькасць участковых камісій 19 сябрамі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"