“Праца з электаратам” набірае сілу
Гомель
22 жніўня адбыўся міні-канцэрт на дваровай тэрыторыі жылых дамоў каля Чарнаморскага рынка, які адносіцца да 35 выбарчай акругі, па якім вылучаецца Таццяна Філімончык. Арганізатарам і аўтарам ідэі такога мерапрыемства з'яўляецца адміністрацыя Савецкага раёна, якую і ўзначальвае Т. Філімончык.
На пачатку канцэрту вядучыя заявілі, што свята прымеркаванае да 35-га юбілею Савецкага раёна. Аднак "афіцыйныя" імпрэзы пройдуць 20 верасня.
На гэтым мерапрыемстве прысутнічала і сама спадарыня Філімончык. Спачатку вядучыя канцэрту выказалі калектыўную падзяку за дахі, якія не цякуць, за дарогі, па якіх бяспечна ездзіць, і за эстэтычную прыгажосць раёна, якім яна кіруе. Пасля Т. Філімончык уручыла граматы прадстаўнікам асабліва "заслужаных" жыллёвых арганізацый і падрабязна распавяла грамадзянам пра дасягненні сваёй адміністрацыі, дзякуючы чаму жыццё ў Савецкім раёне стала неапісальна добрае.
Маладзечна
А вось начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Сінякоў сваю "працу з электаратам" пачаткаў задоўга да падачы дакументаў для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Выкарыстоўваючы службовае становішча, ён праводзіў прыём грамадзян у Маладзечанскім і Валожынскім раёнах, матэрыялы з фатаграфіямі аб яго дзейнасці займалі ад адной да двух старонак у мясцовых газетах: 13.08.2008г. і 23.08.2008г. "Молодечненская газета"; 15.08.2008г. валожынская "Працоўная слава". У "Молодечненской газете" артыкула рыхтаваў сам рэдактар Хазянін А. і ў газеце ад 23.08.2008г. людзей Маладзечаншчыны ўжо наўпрост называе "маладзечанскім электаратам".
Правёўшы падрыхтоўчую працу з выбаршчыкамі, У. Сінякоў падаў дакументы ў акруговую камісію Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі №71, вылучыўшыся ад працоўных калектываў ГОЛХУ "Валожынскі вопытны лясгас" і ВРУП "Бярэзінскае".
На гэтай акрузе раней былі зарэгістраваныя тры ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў: Іода Марыны Аляксандраўны (начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валожынскага райвыканкама), Зверніка Уладзіміра Іванавіча (АГП), Манькоўскай Клаўдзіі Міхайлаўны (дырэктар Красненскай СШ). Ініцыятыўная група Зверніка не сабрала неабходнай колькасці подпісаў, пра подпісы, сабраныя ініцыятыўнымі групамі дырэктара Красненскай СШ і начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валожынскага райвыканкама нічога невядома. Вядома дакладна толькі тое, што ў акрузе У. Сінякоў застаўся адзіным прэтэндэнтам у дэпутаты.
Віцебск
Сродкі масавай інфармацыі органаў дзяржаўнай улады працягваюць датэрміновую агітацыю за службовых асоб выканкамаў і мясцовых Саветаў.
Так, газета Віцебскага гарвыканкама "Витьбичи" (№96 за 21 жніўня) пад рубрыкай "Прамая лінія" апублікавала на цэлую старонку матэрыял пра старшыню Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Генадзя Грыцкевіча, які з'яўляецца прэтэндэнтам на мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17. Публікацыя ўтрымлівае яго фатаграфію і перадвыбарчыя абяцанні: "Адвага патрабуецца, калі неабходна прадстаўляць і адстойваць нечыя інтэрасы. У нашым выпадку - гэта інтэрасы выбаршчыкаў. І паверце гэта нялёгка. Будзем працаваць і дамагацца рашэння нашых агульных задач".
Аналагічна, таксама на цэлую старонку з фатаграфіяй, у газеце Віцебскага аблсавета і аблвыканкама "Народнае слова" (№96 за 21 жніўня) апублікаваны матэрыял пра намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Пятра Южыка, дакументы на рэгістрацыю якога яшчэ толькі разглядаюцца ў Полацкай акруговай выбарчай камісіі №28.
Варта нагадаць, што кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з моманту іх рэгістрацыі маюць роўнае права выступаць у друку, як таго патрабуе частка 1 артыкулу 74 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"