viasna on patreon

Спроба здабыць інфармацыю трактуецца як «дэстабілізацыя абстаноўкі»?

2008 2008-08-21T17:10:35+0300 2014-03-18T12:29:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zabarona1.jpg

Газеце «Ганцавіцкі час» не далі інфармацыі аб выніках фармавання ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Начальнік аддзела ідэалогіі Ганцавіцкага райвыканкама Лідзія Занько 20 жніўня адмовілася размаўляць з намеснікам галоўнага рэдактара незалежнага тыднёвіка Пятром Гузаеўскім, нават не выслухаўшы пытання журналіста, але параіўшы напісаць пісьмовы запыт.

Звесткі пра ўчастковыя камісіі Пётр Гузаеўскі быў вымушаны ўзяць з дзяржаўнай раёнкі.

«Гэта стала ўжо сумнай традыцыяй – нашым карэспандэнтам ніяк не ўдаецца дыялог з галоўным ідэолагам раёна, – распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Пётр Гузаеўскі. – На вусныя звароты Лідзія Занько адмаўляецца адказваць, папросту збягаючы са свайго кабінету, а на пісьмовыя мы атрымліваем фармальныя адпіскі».

З гэтай нагоды Пётр Гузаеўскі ў мінулым месяцы пакінуў скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў райвыканкама. Адказ, які ён атрымаў, прадэманстраваў, што ў райвыканкаме да дыялогу не гатовыя. «Ваше обращение и внесенное в книгу замечаний и предложений райисполкома замечание преднамеренны и осуществлены с целью дестабилизации общественно-политической ситуации в районе», – гаварылася ў лісце з выканкаму.

«Добра, што хоць у тэрарызме не абвінавацілі, – жартуе Пётр Гузаеўскі. – Не ведаю, як можна дэстабілізаваць грамадска-палітычную абстаноўку запісам ў кнізе заўваг і прапаноў. Наадварот, пазіцыя нашай рэдакцыі накіравана менавіта на адкрытую інфармацыйную дзейнасць на карысць развіцця нашага Ганцавіцкага раёна».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства