У сталіцы АМОН не дазволіў правесьці акцыю памяці Юрыя Захаранкі, а ў Капылі акцыя была забароненая
У Менску на Кастрычніцкай плошчы была спроба правесьці акцыю "Ланцуг неабыякавых людзей", прысьвечанаю 6-й гадавіне зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. І працягвалася пару хвілінаў. Адразу са двароў выйшлі спэцпадразьдзяленьні байцоў АМОНу і выціснулі ўдзельнікаў акцыі
Апазыцыянэры трымалі партрэты Юрыя Захаранкі, апранутага ў генэральскую парадную форму, спадзяючыся, што міліцыянты з разуменьнем паставяцца да акцыі і выкажуць нейкую даніну павагі былому міністру ўнутраных справаў.
6 траўня ў Капылі павінна было адбыцца пікетаваньне. Правесьці яго зьбіраўся мясцовы актывіст дэмакратычнага руху Віктар Дашкевіч. Падставай для пратэсту стала затрымка з афармленьнем спадару Дашкевічу пэнсіі па інваліднасьці: “Я даў заяўку на пікет, што буду паводзіць сябе прыстойна і нікому не перашкаджаць. Адказ я атрымаў, дзе яны паведамілі, што я ня маю падставы для выяўленьня свайго пратэсту ў выглядзе пікетаваньня. Падпісала адказ старшыня райвыканкаму, а намесьніца адказала па тэлефоне, што ў нас такое месца нават не адведзена. Таму што ў нас усе людзі пакорныя, сьмірныя, паважаюць чыноўнікаў. Мы не маглі думаць, што ты адзін такі знойдзесься”. Намесьніца старшыні Капыльскага райвыканкаму Іна Былюк лічыць адмову у дазволе на пікетаваньне абгрунтаванай: “Райвыканкам яму ня дазволіў са спасылкай на нормы дзеючага заканадаўства. Яму дадзены вычарпальны адказ. На плошчы ён перашкаджае дарожнаму руху. Ён ня мае права гэтага рабіць”.