Міліцыя сваю віну прызнала
Адвакат праваабронцы, выконваючага абавязкі старшыні Моладзі БНФ Ільлі Богдана атрымаў адказ з Галоўнага упраўленьня унутраных справаў Менгарвыканкаму на сваю скаргу, у якой прасіў правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці віноўных у незаконным утрыманьні актывіста ў пастарунку.
У лісьце за подпісам начальніка аддзела аператыўна-дзяжурнай службы ГУУС Менгарвыканкаму А.Л. Іоскіна паведамляецца, што “скарга аб парушэньні правоў затрыманага уважліва разгледжана”. За дапушчаныя парушэньні тэрмінаў утрыманьня ў органах унутраных справаў старэйшыя інсьпектары-дзяжурныя Пац і Пынцікаў прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці. Згодна са службовай дакументацыяй ІЧУ ГУУС Богдан был дастаўлены ў ізалятар у 2 гадзіны 25 хвілінаў 12 ліпеня.
Нагадаем, Ільля Богдан быў затрыманы па дарозе дадому ўвечары 10 ліпеня, на ягонай кватэры супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, у выніку якога канфіскавалі скоч, алюмінівую фальгу, налепкі, улёткі, вадкасьць для мыцьця пліткі, а таксама сістэмны блок кампутара. Пасьля Ільлю даставілі ў Маскоўскі РУУС, дзе ён больш за суткі правёў у так званым “стакане”. Пры гэтым сваякі і сябры безвынікова цэлы дзень шукалі хлопца на Акрэсьціна, на Сапёраў, у ізалятары КДБ, і ніхто ня ведаў, дзе дзеўся затрыманы. Толькі ўвечары, абзваніўшы ўсе менскія пастарункі, Ільлю Богдана адшукалі ў Маскоўскім РУУС. Зразумела, што ўвесь гэты час ён знаходзіўся без ежы. 10 сутак актывіст правёў за кратамі як падазраваны ў крымінальнай справе аб выбуху на канцэрце да Дня незалежнасьці 4 ліпеня. Ільля Богдан быў выкліканы на допыт толькі адзін раз, абвінавачаньняў яму вылучана не было, аднак да гэтага часу ён, як і ўсё затрыманыя ў тыя ліпеньскія дні, застаецца падазраваным і абмежаваным у сваіх правах і свабодах.