Падарунак старшыні Вярхоўнага суда
У Мінску пакрыўджаныя на несправядлівыя судовыя рашэнні грамадзяне вырашылі павіншаваць з днём народзінаў старшыню Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалу, падрыхтаваўшы яму адмысловы падарунак.
Летась старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала адзначаў сваё 65-годдзе. 60 гадоў — узрост, калі згодна з беларускімі законамі мужчыны ідуць на пенсію. Днямі спадару Сукалу – 66, і ён па-ранейшаму на сваёй пасадзе. Своеасаблівай акцыяй пратэсту супраць судовага беззаконня стала спроба грамадзянаў павіншаваць старшыню суда з днём народзінаў, адкрыта сказаўшы пра тое, што прыспеў час пакаяцца за грахі і сысці на пенсію. Для гэтага быў выбраны адмысловы падарунак, пра які распавяла адна з віншавальніц Людміла Кучура:
— Мы вырашылі прыпаднесці Біблію, бо пакуль ён яшчэ пры пасадзе і яшчэ можа выправіць усе свае грахі, яна павінна яму дапамагчы. Таксама мы дорым нашы надзорныя скаргі і спадзяемся, што пасля прачытання Бібліі будуць разгледжаныя ўсе нашы скаргі і мы нарэшце атрымаем на іх адказы. Таксама мы падпісалі паштоўку: «Паважаны Валянцін Алегавіч! Віншуем вас з днём народзінаў. Мяркуем, што да сыходу на заслужаны адпачынак вы выправіце памылкі, дапушчаныя ў судах Рэспублікі Беларусь. Біблія вучыць, што праведнасць узвышае, а беззаконне бясчэсціць народы. Выказваем спадзяванне, што Кніга Кніг дапаможа вам разглядаць справы грамадзянаў у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь, накіруе вас на ісцінны шлях і пакаянне, а зрабіць гэта ў зямным жыцці ніколі не позна».
Пад гэтым пасланнем падпісалася больш за 30 чалавек. Тым часам спадарыня Кучура патлумачыла, за што Валянцін Сукала павінен атрымаць такое віншаванне:
— Ён стварыў такую судовую сістэму, якая перамалола шмат людскіх лёсаў, прынесла шмат бяды і гора ўсім, у тым ліку невінаватым.
Гэта пацвердзіла вядомая нашым слухачам Галіна Юбко, якая ўжо не адзін год спрабуе дабіцца справядлівага рашэння па крымінальнай справе аб забойстве сваёй сястры.
— Пад кіраўніцтвам Сукалы суды абараняюць толькі інтарэсы службовых асоб, усе судовыя рашэнні прымаюцца менавіта ў іх абарону, або зусім не разглядаюцца, хаця ў тых судовых справах шмат памылак.
Спадарыня Юбко уваходзіць у склад ініцыятыўнай групы праваабаронцы Людмілы Гразновай, збірае подпісы і шмат гаворыць з грамадзянамі аб існуючай сістэме:
— Трэба гэтых службовых асоб запрасіць, каб яны прайшлі са мной і паслухалі меркаванне народа. Людзі вельмі абазлёныя.
Валянцін Сукала не прыняў грамадзянаў і не ўзяў падарунак. Яго адправяць па пошце.