Казулін на свабодзе
Сёньня з калёніі Віцьба-3 на свабоду выйшаў Аляксандар Казулін.
Ён адбываў 5,5-гадовы тэрмін турэмнага зьняволеньня, нібыта за хуліганства, пасьля таго як кінуў выклік Аляксандру Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах.
Як паведаміў брат Казуліна Ўладзімер, учора памёр Казулінаў цесьць. Сёньня ўранку Казуліна выклікалі ў адміністрацыю калёніі, дзе яму пра гэта паведамілі і паказалі загад аб памілаваньні. Але Казулін загаду аб памілаваньні не падпісаў. Памілаваньня ён прызнаваць не зьбіраецца, бо тым самым мусіў бы прызнаць і сваю віну. Тады яго адпусьцілі проста так, бяз подпісу - на пахаваньне цясьця, Ня выключана, што пасьля пахаваньня будзе прасіцца назад у калёнію, адзначыў У. Казулін.
Цяпер А. Казулін едзе на машыне зь Віцебску ў Менск.
Родныя А. Казуліна спадзяюцца на тое, што справа скончыцца ў любым разе канчатковым вызваленьнем. Спадзевы на яго былі зьвязаныя з кулюарнымі перамовамі між паслом Нямеччыны і Адміністрацыяй Лукашэнкі, што працягваліся на мінулым тыдні. Ходзяць чуткі, што ў сваім гандлі з Захадам лукашэнкаўцы былі гатовыя вызваліць групу палітвязьняў узамен на нейкія выгады.
Вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку Казуліна, - гэта адно з асноўных патрабаваньняў Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, Эўрасаюзу і ЗША. У часе мінулага вызваленьня палітвязьняў, узімку, адпусьцілі ўсіх, акрамя Казуліна.
На пытаньне, чаму, на думку сям'і вызваленьне "палітвязьня нумар адзін" адбылося менавіта цяпер, Уладзімер Казулін адказаў: "Хаджэньні паслоў у Адміністрацыю прэзыдэнта пачаліся досыць даўно..."
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур вітаў вызваленьне Казуліна як "першы важны крок з боку беларускіх уладаў".
Цясьця Казуліна звалі Іван Сабалеўскі. Хаваць яго будуць у Койданаве (Дзяржынску). Ён не перанёс страты дачкі...