30 красавіка ў Мінску прайшла супольная Багаслужба прадстаўнікоў больш за 60 пратэстанцкіх цэркваў поўнага Эвангельля з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода. Пратэстанцкія вернікі прынялі зварот да ўладаў з патрабаваньнем неадкладна спыніць ціск на менскую абшчыну “Новае жыцьцё”, зарэгістраваць гэтую царкву і дазволіць яе вернікам бесьперашкодна маліцца ў сваім малітоўным доме.
Прыкладна 2000 вернікаў цэркваў поўнага Эвангельля зь Менску, Горадні, Гомеля, Слоніма, Жодзіна ды іншых гарадоў Беларусі сабраліся сёньня ў будынку царквы “Новае жыцьцё”, што побач зь менскім мікрараёнам Сухарава. Прычынай малітоўнага збору стаў пастаянны ціск на пастара і вернікаў гэтай царквы з боку мясцовых уладаў. Гаворыць адміністратар гэтай поўнаэвангельскай абшчыны Васіль Юрэвіч: “Мы хочам паказаць гэтай акцыяй, што той ціск, які аказваецца на нас сёньня, ён можа быць празь вельмі кароткі час аказаны й на іншыя цэрквы ў Беларусі. Таму мы хочам паказаць уладам, усім навокал, што мы разам, што мы адзіныя і мы адзінае цэлае”.
Царква “Новае жыцьцё” некалькі гадоў таму выкупіла на тэрыторыі вёскі Сухарава будынак былога кароўніка і хацела перабудаваць яго пад малітоўны дом. З таго часу ў іх і пачаліся праблемы з уладамі, якія мелі свае пляны забудовы гэтай тэрыторыі. У выніку напрыканцы мінулага году царква не прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю, перабудоўваць былую фэрму пад бажніцу пратэстантам забаранілі, і цяпер улады патрабуюць, каб вернікі як мага хутчэй вызвалілі гэтае памяшканьне.
У гэтым годзе адміністратара царквы “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча й пастара абшчыны Леаніда Ганчарэнку за правядзеньне несанкцыянаваных набажэнстваў суд пакараў штрафамі ў 3 мільёны 600 тысячаў і ў 750 тысячаў рублёў. Камунальныя службы адключылі ў будынку сьвятло й цяпло, таму вернікі падчас сваіх набажэнстваў выкарыстоўваюць аўтаномны генэратар.
Таму актывісты царквы “Новае жыцьцё” зьвярнуліся да вернікаў іншых поўнаэвангельскіх цэркваў з просьбаю аказаць ім падтрымку