viasna on patreon

Новы закон РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» ўступіць у сілу 8 лютага 2009 г.

2008 2008-08-13T22:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

­­Пра гэта сёння падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміл­а першая намесніца міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.

Акрамя яе ўдзел у прэс-канферэнцыі прынялі начальніца аддзела прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына, намесніца дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў РБ Людміла Панфёрава, галоўная дарадца ўпраўлення канстытуцыйнасці заканадаўства Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў РБ Вольга Кашырына.

Свой выступ Л. Ананіч распачала віншаваннем прысутных журналістаў з нагоды прыняцця закона «Аб сродках масавай інфармацыі». У гэтым нарматыўным дакуменце дасягнуты неабходны баланс паміж інтарэсамі масмедыяў, журналістаў, дзяржавы і канкрэтнай асобы, — запэўніла яна.

Намесніца міністра інфармацыі зазначыла, што праца над законам вялася 7 гадоў. «Была крытыка, што закон прымалі так хутка. Але, ведаеце, тое, што даўно ляжыць не трэба абмяркоўваць, яно ўжо ясна і зразумела, — адзначыла спн. Ананіч. – Было б не лагічна перадаваць у спадчыну парламенту новага склікання той закон, які быў даўно распрацаваны».

­Паводле Ліліі Ананіч, закон «Аб СМІ» быў распрацаваны ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы ад 9 снежня 2001 г., падпісаны ім 17 ліпеня 2008 г., надрукаваны ў «Народнай газеце» 7 жніўня 2008 г., а ўступіць у сілу з 8 лютага 2009 г. 

­Этыка «ў законе»

­«Па якім мы з вамі прафесіянальным кодэксе жывём, дзе ён прапісаны? Знаю, што ёсць кодэксы прафесіянальнай этыкі і ў Беларускага саюза журналістаў, і ў БАЖ. Але закон прапісвае нам — адзінай інфармацыйнай супольнасці — асноўныя прынцыпы дзейнасці СМІ ў мэтах развіцця інфармацыйнай прасторы, абароны правоў чалавека», – адзначыла Лілія Ананіч.

Сярод іх – дакладнасць інфармацыі, законнасць інфармацыі, павага да правоў і свабод чалавека і іншыя. Па словах намесніцы міністра, адным з абавязкаў журналістаў і выданняў, паводле новага закона, стане неабходнасць праверкі інфармацыі, зваротаў да экспертаў, а таксама «адначасовы распаўсюд» каментароў закранутых у публікацыях людзей, у тым ліку і дзяржаўных чыноўнікаў.

«Думаю, гэта нармальная практыка. Бо сёння мы маем сітуацыю, калі журналісты штосьці надрукавалі, а далей ты хоць крыкам крычы. Дзесьці праз пяць нумароў, дробным шрыфтам надрукуюць іншае меркаванне, але яго ўжо ніхто не заўважыць», – патлумачыла неабходнасць гэтага палажэння ў заканадаўстве Л. Ананіч.

Перад тым, як распаўсюджваць вострую інфармацыю, «атрыманую ад палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і іншых юрыдычных асобаў, інфармацыю, якая можа дыскрэдытаваць Рэспубліку Беларусь, а таксама фізічных і юрыдычных асобаў», журналіст абавязаны праверыць праўдзівасць гэтай інфармацыі.

Трыццаць адсоткаў – і не болей!

Абмежаванне выкарыстання замежнага капіталу ў беларускіх СМІ 30 адсоткамі спн. Ананіч патлумачыла так:

«Рэспубліка Беларусь мае права самастойна фарміраваць нацыянальную інфармацыйную прастору. Абмежаванне ўдзелу замежнага капіталу ў фінансаванні сродкаў масавай інфармацыі адпавядае міжнародным стандартам».

«Закон вельмі канкрэтна кажа – да 30% замежнага капіталу ў сродках масавай інфармацыі можа прысутнічаць, болей – не», – падкрэсліла Лілія Ананіч.

Але ўжо праз некалькі хвілін яна ўдакладніла, што гэтая норма не будзе распаўсюджвацца на тыя СМІ, якія ўжо зарэгістраваныя і працуюць на тэрыторыі Беларусі.

«У артыкуле 54 новага закона прапісана, што на тыя СМІ, якія сёння ўжо зарэгістраваныя, гэтая норма не распаўсюджваецца. Мы разумеем, што гэта норма можа стаць праблемай для такіх выданняў, як "Інтерфакс", “Комсомольская правда”, для шэрагу рэкламных выданняў. У нас сёння ёсць сфарміраваная нацыянальная інфармацыйная прастора, і мы ўжо не ўяўляем сябе без гэтых яе сегментаў», – патлумачыла першая намесніца міністра інфармацыі.

Абмежаванні на замежнае фінансаванне сродкаў масавай інфармацыі існуюць і ў іншых краінах, заўважыла ў ходзе прэс-канферэнцыі намесніца дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Людміла Панфёрава.

«Для прыкладу, у Расіі доля замежнага капіталу ў сродках масавай інфармацыі не павінна перавышаць 50%, у Малдове – 49, ва Украіне і Азербайджане – 30%, у Казахстане – 20%. А вось у такіх странах СНД, як Кыргызстан і Узбекістан, выкарыстанне замежнага капіталу ў СМІ ўвогуле забаронена», – падкрэсліла Людміла Панферава.

Пытанне аб рэгуляванні дзейнасці Інтэрнет-версій не актуальнае?

Адметная асаблівасць новага закону — спроба заканадаўча рэгуляваць дзейнасць Інтэрнет-СМІ. Прадстаўнікі Мінінфарма настойваюць, што новыя нормы заканадаўства будуць рэгуляваць толькі Інтэрнет-версіі зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі.

«У прынятым законе няма ніводнага слова аб тым, што ў Беларусі будуць рэгуляваць Інтэрнет. Сёння ў Міністэрстве інфармацыі вывучаецца вопыт рэгулявання гэтых пытанняў ў іншых дзяржавах. Няма ніякіх заканадаўчых актаў, якія б павінны былі непакоіць, напрыклад, Юрыя Зісера, што яму давядзецца рэгістраваць свой прадукт у Міністэрстве інфармацыі», – патлумачыла намесніца міністра.

Паводле спн. Ананіч, законам будуць рэгулявацца толькі аналагі зарэгістраваных СМІ:

«Напрыклад, ёсць газета «Комсомольская правда» в Белоруссии» і ёсць сайт «Комсомольскай правды». І мы разумеем, што інфармацыя, якая ёсць на сайце, павінна быць ідэнтычнай той, што з’яўляецца ў газеце. Гэта не азначае, што тымі ж словамі і ў тым жа памеры. Але калі друкаваная «Камсамолка» піша, што плот белы, то і ў яе інтэрнет-версіі плот павінен заставацца белым. Вось пра што гаворка».

На пытанне, на якой стадыі распрацоўкі знаходзіцца палажэнне аб рэгуляванні дзейнасці Інтэрнету (чым, паводле новага закона, павінен займацца Савет Міністраў РБ), Лілія Ананіч адказала сваім пытаннем: “Дзе ў законе гэта прапісана?”

“На сёння Міністэрства інфармацыі не распрацоўвае ніякіх палажэнняў для Савета Міністраў. Закон замацоўвае, што нормы працы Інтэрнет-СМІ будзе вызначаць урад. Але гэта не азначае, што сёння гэта актуальна для Рэспублікі Беларусь”, – дадала спн. Ананіч.

Прававая культура расце

Беларускія СМІ за апошнія гады павысілі сваю прававую культуру. Паводле статыстыкі, агучанай спн. Ананіч, у 2006 г. Мінінфармацыі вынесла 102 папярэджанні, у 2007 годзе – 86 папярэджанняў, а за 7 месяцаў 2008-га – усяго 34.

Да таго ж, у гэтым паўгоддзі мы вынеслі толькі два папярэджанні па артыкуле 5 закона “Аб друку і іншых СМІ”, і два папярэджанні па артыкуле 32. Такая ж карціна назіраецца і па прыпыненні дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі: у 2004 г. прыпынялі выхад 25-ці СМІ, у 2005 годзе – 6-ці, у 2006 – 6-ці, у 2007 – 3-х, у 2008 – 1-го, – заўважыла чыноўніца.

Па словах спн. Ананіч, у новым законе “Аб СМІ” маецца абсалютна вычарпаны спіс тых парушэнняў, за якія масмедыі могуць атрымаць папярэджанне ад Мінінфарма.

“Пісьмовае папярэджанне выносіцца, калі былі зробленыя крокі, якія не адпавядаюць патрабаванням закона, калі распаўсюджваецца недакладная інфармацыя ці інфармацыя, якая закранае гонар і годнасць фізічных і юрыдычных асобаў”, – адзначыла Лілія Ананіч.

“У сродках масавай інфармацыі — што адпавядае дэмакратычным нормам — ёсць права абскардзіць дзейнасць Міністэрства інфармацыі. І сёння рэдакцыі СМІ актыўна выкарыстоўваюць гэта права. Але, да гонару Мінінфармацыі, у судах мы практычна не прайграём. Папярэджанні міністэрства застаюцца ў сіле”, – дадала спн. Ананіч.


Працаваў без акрэдытацыі? І не спадзявайся яе атрымаць

Кіраўнік аддзела прэс-службы Міністэрства замежных спраў Беларусі Марыя Ваньшына засяродзіла сваю ўвагу на пытаннях акрэдытацыі замежных журналістаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі.

“У апошні час даводзіцца чуць, што нібыта пасля ўступлення новага закона ў сілу будзе абмежавана дзейнасць журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі. Нічога такога не будзе. У гэтым пытанні няма ніякіх навацый. Новы закон проста замацоўвае правапрымяняльную практыку”, – запэўніла журналістаў Марыя Ваньшына.

“Замежны журналіст не мае права працаваць на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі. Калі журналіст працаваў без акрэдытацыі, то мы мелі права папярэдзіць яго ці наступным разам адмовіць ў акрэдытацыі, паколькі ён парушыў заканадаўства Беларусі”, – патлумачыла М. Ваньшына.

Такім чынам, калі сёння журналіст працуе ў краіне без акрэдытацыі, ён ужо і не зможа атрымаць яе ў беларускім МЗС.

Прэс-карты адзінага ўзору пакуль не існуе

У новым законе “Аб сродках масавай інфармацыі” прапісана неабходнасць увядзення адзінага ўзору журналісцкіх пасведчанняў. Гэта, па словах Ліліі Ананіч, робіцца дзеля таго, каб да зарэгістраваных у краіне СМІ “ставіліся з павагай, без падзелу на дзяржаўных і недзяржаўных”.

На пытанне, як будзе выглядаць працэдура выдачы пасведчанняў, і ці змогуць іх атрымаць усе журналісты, Лілія Ананіч адказала, што ўзору пасведчання пакуль няма, як няма і бачання таго, якім чынам журналісты будуць іх атрымліваць. “Але мы прыдумаем”, – запэўніла яна журналістаў.

Аптымізму пакуль не бачна

На працягу ўсёй прэс-канферэнцыі спн. Ананіч спрабавала развесяліць прысутных журналістаў: маўляў, прыняты закон – вельмі добры, і сумаваць няма чаго.

З залі ў адказ чулася: “Пажывём-пабачым”…

“Спадзяюся, што правапрымяняльная практыка новага закону пераканае нават тых, хто яшчэ не ўпэўнены, што ­ў Рэспубліцы Беларусь быў прыняты добры закон аб сродках масавай інфармацыі, які адпавядае міжнародным стандартам, які не пагоршыць стан журналістаў і не абмяжуе свабоду слова”, – не здавалася спн. Ананіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства