У Менску затрымалі Андрэя Клімава
Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. У сьледчым камітэце яму надалі статус падазраванага ў крымінальнай справе, якую распачалі за падзеі 25 сакавіка. У той дзень адбылася дэманстрацыя пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Сьледчыя падазраюць Андрэя Клімава ў арганізацыі вулічнай акцыі.
Андрэя Клімава затрымалі на аўтастаянцы на вуліцы Платонава і адвезьлі ў будынак па вуліцы Сапёраў, 7. Сьледчы Ігар Прахарэнкаў, які вёў справу Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца, пазнаёміў новага падсьледнага з пастановай. Паводле яе, Андрэя Клімава падазраюць у арганізацыі “групавых дзеяньняў, якія парушалі грамадзкі парадак”. У той дзень, 25 сакавіка, амонаўцы затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек.
Сьледчы вырашыў пакуль на 72 гадзіны пакінуць Андрэя Клімава ў камэры ізалятару часовага ўтрыманьня. Ня выключана, што пасьля выходных правядуць новы допыт, і тэрмін ізаляцыі будзе падоўжаны. (паводле Радыё Свабода)