viasna on patreon

Аляксандр Памідораў: Свабода пачынаецца з уласнай асобы!

2008 2008-08-07T14:51:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

ЕРБ: Якую праграму вы рыхтуеце для фестывалю ў Львове?

Аляксандр Памідораў(А.П.): Праграма будзе, у прынцыпе, тая самая, што мы гралі зараз на "Басовішчы". І гэта амаль цалкам новая праграма. Але казаць, што ўсе песні новыя - шчыра не магу, бо песні граюцца пачынаючы з 2003 года і дагэтуль. Але цяпер ужо гэтыя песні маюць новы выгляд, іншы падыход. Іх мы і будзем намагацца выпусціць у бягучым годзе.

ЕРБ: Што вас прываблівае ў фестывалі?

А.П.: У мінулым годзе ён праходзіў у Луцку, а зараз гэта Львоў - легендарнае месца, легендарны горад і шмат чаго з ім звязана ў беларускіх музыкаў. Ёсць спадзяванні, што ў гэтым годзе будзе залічана ўсё тое пазітыўнае, што было, і будзе пралічана і зведзена да мінімума ўсё негатыўнае. Зараз нават арганізацыя, як мне падаецца, выглядае значна лепш, чым яно было летась. Мне падалося, што ў мінулым годзе гэты фестываль быў ну такі трошачкі хаатычны. А ў гэтым годзе размова пра фестываль вядзецца ўжо здаўна і гэта ўсяляе ўпэўненасць... Наогул фестываляў мусіць быць шмат, усялякіх, цікавых і розных. Адное, што беларускі фестываль праходзіць па-за межамі Беларусі, - вось гэта, канешне, дзіўная рэч, дзіўнае пытанне... Але дзіўнае для тых, хто не зусім добра ведае тую сітуацыю, якая дагэтуль пануе ў нас нават пры нібыта нейкіх там дазволах на выкананне і гранне музыкі. Усё роўна каб у тым жа Мінску ці недзе зладзіць канцэрт, трэба прайсці колькі паперных інстанцыяў. Калі гаворка ідзе пра іншыя гарады, то, можа быць, і прасцей, але ўсё роўна могуць вылезці нейкія там пажарнікі...(смяецца) 

ЕРБ: Вы толькі вярнуліся з "Басовішча". Распавядзіце пра свае эмоцыі, адчуванні ад сёлетняга фестывалю...

А.П.: Фестываль адбыўся, нягледзячы на тое, што гэта быў, мабыць, самы складаны фестываль! Шмат было пралікаў з боку арганізатараў, каардынатараў. Сталася так, што з беларускага боку ніхто не мог дакладна распавесці а ні музыкам, а ні гледачам пра тое, што будзе адбывацца. Дзіўным чынам, у рэшце рэшт, у фінале давялося займацца ўсёй працай цалкам выпадковым людзям, кшталту мяне, Віталіка Зыблюка, яшчэ кагосьці... Проста каб вырашаць пытанні. У мяне склалася адчуванне, што гэты накал на фестывалі быў зроблены нездарма, не выпадкова. Што проста камусці вельмі карцела, каб на фоне шэнгенскіх віз і складанасцяў з іх атрыманнем, а таксама на фоне ўсяго, што адбываецца ў псеўдаапазіцыйнай тусоўцы, гэта тычыцца і медыа, каб у гэтым годзе фестываль не адбыўся. А калі б і адбыўся, дык каб адбыўся максімальна складаным. Каб фестываль максімальна не выканаў сваю мэту, сваю задачу, але, дзякуй Богу, гэтага не здарылася...

Паказальным стала і тое, што тычыцца беларускіх музыкаў і іх стаўлення да ўласнай музычнай справы. Гэта я кажу пра гурты, якія не атрымалі візы – а не атрымалі гурты візы выключна дзякуючы самім сабе. Таму што калі там адзін чалавек не атрымаў візу толькі з-за таго, што ён забыўся, што ў яго нейкае там сямейнае свята.... Потым, калі яшчэ быў шанец атрымаць візу літаральна перад фестывалем, нават літаральна ў дзень пачатку фестываля, і людзі проста пашкадавалі колькі грошай, каб даехаць да Гродна на маршрутнай таксоўцы. Гэта ўсё, што ад іх патрабавалася. Іншы выпадак: у аднаго з гуртоў бубнач не атрымаў візу, бо ў яго скончыўся пашпарт і ён толькі перад выездам гэта заўважыў. Яны, канешне, наскандалілі тут на ад’езде. Але ў выніку, калі ім было гэта трэба, дык яны ўзялі іншага бубнача і ўсімі праўдамі і няпраўдамі, якія б яны не былі п’яныя, дурныя, злыя, голыя ці што, але прыехалі і адыгралі праграму. І някепска яе адыгралі! Значыць, нешта хлапцам карціць. А іншыя.... Ну што? І надалей мы будзем бегаць за беларускімі музыкамі і падціраць, а яны будуць карыстацца гэтым і ныць пра тое, якая кепская сітуацыя!?? Сітуацыю трэба пачынаць мяняць з самаго сябе, каб потым ніякая рэпертуарная псеўдакамісія не казала пра ўзровень выканання, адпаведнасць ідэалагічнаму фону ў краіне і так надалей. 

ЕРБ: Фестываль “BeFree”, на вашую думку, мог бы стаць канкурэнтаздольным "Басовішчу"?

А.П.: На фоне 19-ці год "Басовішча", ўжо лёгка рабіць па гэтым прынцыпе нейкія канкурэнтныя фестывалі. І робяць гэты фестываль людзі абазнаныя ў справе "Басовішча" і не толькі. Таму гэта тое самае, што казаць пра канкурэнтнасць фестывалю ў Вудстоку польскім і ў Вэнгажэва. Людзі паедуць, калі гэта людзям цікава. Тут ужо трэба толькі казаць пра ўзровень арганізацыйны, пра ўзровень эмацыйны, пра ўзровень таго, што можна пачуць на фестывалі, як сябе можна аддаць і як сябе можна падаць.

ЕРБ: Што для вас азначае быць вольным?

А.П.: Гэта проста знаходзіцца ў змове з самім сабой - не хлусіць самому сабе, альбо рабіць гэта як мага радзей. Бо вольнасць або свабода пачынаюцца з асобы ўласнай. 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства