Прадстаўнікі НІСЭПД у судзе заяўляюць пра недавер да судзьдзі Ларысы Філіманіхінай
У Вярхоўным судзе Беларусі 13 красавіка працягваўся працэс па справе аб закрыцьці грамадзкай арганізацыі – Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД). Ліквідацыі інстытуту дамагаецца Міністэрства юстыцыі Беларусі. Прадстаўнікі НІСЭПД заяўляюць пра недавер да судзьдзі Ларысы Філіманіхінай.
У Мін'юсьце лічаць, што інстытут не знаходзіўся па юрыдычным адрасе, своечасова не дасылаў патрэбных зьвестак пра сваю дзейнасьць, меў у сваім складзе нестатутны орган кіраваньня ды выкарыстоўваў недакладную назву.
Падрабязна гэтыя абвінавачваньнямі сёньня і вывучаў суд, які прадстаўляе судзьдзя Ларыса Філіманіхіна. Дарэчы, напачатку паседжаньня прадстаўнікі інстытуту выказалі ёй недавер, але іх хадайніцтва судзьдзя адхіліла. Далей яна заслухала сьведак, якія мусілі распавесьці пра тое, як інстытут карыстаўся сваім офісам на плошчах Фаніпальскага рамонтна-мэханічнага заводу.
Далей суд падрабязна вывучаў дакумэнты, на якіх пазначаная назва інстытуту. Прадстаўнік Мін'юсту Аляксандар Харытон прадставіў суду бюлетэні інстытуту, на якіх не пазначана, што інстытут незалежных сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў ёсьць грамадзкай арганізацыяй. Паводле дзейнага закону, гэта зьяўляецца парушэньнем.
Пасьля гэтага суд перайшоў да наступнага пытаньня – якое месца ў структуры арганізацыі займае назіральная рада. У Мін'юсьце лічаць, што гэтая рада ёсьць кіруючым органам, утвораным насуперак статуту. Гэта таксама лічыцца парушэньнем, які паводле закону можа прывесьці да закрыцьця арганізацыі.
Кіраўнік інстытуту прафэсар Алег Манаеў у адказ раіў высьветліць функцыі назіральнай рады і патлумачыў, хто ў яе ўваходзіць.
(Манаеў: ) “Задумайцеся толькі: сем чалавек у радзе, зь іх адзін віцэ-прэм'ер Украіны, другі – старшыня арганізацыі ў Нью-Ёрку, трэці – прэзыдэнт фонду ў Варшаве. І гэтак далей. Як рэальна гэтыя людзі з розных кантынэнтаў могуць кіраваць арганізацыяй у Беларусі? Запытайцеся сябе пра гэта і стане зразумела, што гэта проста група кансультантаў-экспэртаў”.
Мін'юст патрабуе ліквідаваць грамадзкую арганізацыю Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у тым ліку з-за наяўнасьці гэтай назіральнай рады ў арганізацыі.
Судзьдзя Ларыса Філіманіхіна сёньня заявіла, што канчатковае рашэньне пра лёс інстытуту будзе прынятае магчыма чатырнаццатага красавіка.
***
Нагадаем, НІСЭПД вядзе незалежныя сацыялягічныя дасьледаваньні ў Беларусі з 1992 году. Шмат хто з карыстальнікаў дадзеных НІСЭПД ва ўсім сьвеце лічыць іх больш аб’ектыўнымі за дадзеныя дзяржаўных сацыялагічных службаў Беларусі. Кіраўнікі інстытуту тлумачаць перасьлед іх арганізацыі палітычнымі прычынамі.
Радыё Свабода