Моладзевы актывіст з Астравецкага раёну патрапіў пад увагу міліцыі ў сувязі з выбухам у Менску
9 ліпеня ў Астравецкім раене дадому да сябра АГП Ягора Краснова прыйшлі два супрацоўнікі Астравецкага РАУС, каб высьветліць, дзе моладзевы актывіст правёў ноч з 3 на 4 ліпеня, калі ў Менску адбыўся выбух. У адсутнасьць Ягора Краснова пісьмовае тлумачэньне аб ягоным знаходжаньні было узята у маці А.В. Віткоускай. Пры гэтым міліцыянтаў цікавіла не толькі ноч на 4, але і дзе яе сын правёў апошнія 10 дзен, якія папярэднічалі тэракту у Менску. Як сведчыць Віткоўская, на руках у міліцыянтаў быў даволі вялікі спісак асобаў, якія трапілі пад падазрэньне ў сувязі з тэрактам у Менску.
У Астравецкім раёне гэта ужо другі выпадак, калі з пытаньнем “дзе быў у ноч з 3 на 4” супрацоўнікі міліцыі зьвярнуліся да прадстаўніка апазіцыі. Першы такі факт меў месца 6 ліпеня, калі дадому да сябра АГП Мікалая Уласевіча прыйшоў участковы інспектар і таксама задаў такое ж пытаньне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”