Міліцыя Гомелю далей выклікае апазыцыянэраў “на размовы”
У Цэнтральны райаддзел міліцыі Гомелю, апрача прыхільніка стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастуся Жукоўскага, адмысловай позвай выклікалі й моладзевую актывістку Марыю Тульжанкову:
“Выклікалі ў Цэнтральны РАУС з мэтай правесьці нейкую размову. Падаецца, з той жа нагоды, што й Кастуся Жукоўскага, то бок пра выбух у Менску. У паштовую скрыню позву ўкінулі. Напісана было па стандартным узоры — “у якасьці сьведкі”. Але слова “сьведка” яны закрэсьлілі і карэктарам замазалі і напісалі “для гутаркі”. Так непрафэсійна спрацавана. Таму я нават не тэлефанавала ім. Вырашыла не ісьці. Нейкія там размовы — яны ня маюць афіцыйнага статусу”.
Зрэшты, як кажа спадарыня Тульжанкова, позьве ў міліцыю яна вельмі зьдзівілася. Нядаўна Марыя абараніла ў мастацкай вучэльні дыплёмную працу па-беларуску, прычым на вышэйшую адзнаку, і цяпер адпачывае. 3 ліпеня яна наагул не выяжджала за межы вобласьці.
Увесну Марыю Тульжанкову пакаралі арыштам на сем сутак за ўдзел у гістарычнай экскурсіі па мясьцінах, зьвязаных зь дзяячкай БНР Палутай Бадуновай.