КДБ падазрае былога апазыцыянэра ў выбуху 4 ліпеня
Супрацоўнікі КДБ затрымалі падазраванага ў злосным хуліганстве падчас канцэрту ўначы з 3 на 4 ліпеня. Гэта 34-гадовы Ігар Корсак. Цешча Ігара Корсака Тацьцяна Цяцёркіна паведаміла Радыё Свабода, што 3 ліпеня яны ўсей сям’ёй былі на лецішчы і займаліся там будаўніцтвам. А 9-й вечара яны вярнуліся ў Менск і знаходзіліся дома.
Супрацоўнікі КДБ прыйшлі за Ігарам учора ўвечары з ператрусам, падчас якога знайшлі ў кватэры пакет з балтамі і гайкамі, а таксама гумовыя пальчаткі. Тацьцяна Цяцеркіна паведаміла, што ў кампутары супрацоўнікі КДБ шукалі інфармацыю па слову “траціл”, але нічога не знайшлі, забралі так званыя “рэчавыя доказы” і затрымалі Ігара Корсака.
Ігара дапытвалі на Казлова, 4 (адміністрацыйны будынак Інстытуту нацыянальнай бясьпекі). Ён пасьпеў патэлефанаваць сваякам і паведаміў, што яго падазраюць у вырабленьні выбуховага прыстасаваньня і на 3 сутак вязуць у Ізалятар часовага ўтрыманьня.
Цешча Ігара Корсака абураная дзеяньнямі супрацоўнікаў КДБ. Яна лічыць, што ў гаспадарцы кожнай кватэры знойдуцца і балты, і гайкі, і гумовыя пальчаткі. Жанчына паведаміла, што раней Ігар актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці і стаяў на ўліку як апазыцыянэр.