Яшчэ адна скарга ў Камітэт ААН па правах чалавек
1 ліпеня група членаў ліквідаванага ў Брэсце гарадскога культурна-асветнага грамадскага аб'яднання (ГА) "Стары горад" накіравала скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.
ГА "Стары горад" было зарэгістравана ў 1992 годзе "з мэтай падтрымкі грамадскіх і культурных ініцыятыў брэстаўчан, накіраваных на развіццё і працвітанне горада". 12 красавіка 2007 года Брэсцкі абласны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі гэтага грамадскага аб'яднання. Падставай паслужыла адпаведная іскавая заява ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, сутнасць індывідуальных зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека членаў арганізацыі Ірыны Лаўроўскай, Паліны Панасюк, Яўгена Беласіна і Сяргея Панасевіча ў тым, што, на іх думку, прэтэнзіі, выкладзеныя ўпраўленнем юстыцыі аблвыканкама ў іскавой заяве ў суд, якія леглі ў аснову рашэння аб ліквідацыі аб'яднання, надуманыя. Яны прыводзяць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта.
У прыватнасці, адной з падстаў для ліквідацыі "Старога горада" стала адсутнасць у арганізацыі юрыдычнага адраса, што, як заяўляюць аўтары скаргаў, не адпавядае сапраўднасці. Яшчэ адну падставу — неадпаведнасць статута аб'яднання дзейнаму заканадаўству — аўтары скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека таксама лічаць негрунтоўнай. Яны перакананы, што рашэнне аб ліквідацыі ГА "Стары горад" з'яўляецца актам адплаты за грамадзянскія перакананні членаў аб'яднання, а таксама расправай з непажаданай уладам грамадскай арганізацыяй.
На думку членаў арганізацыі, прынятае рашэнне аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання парушае свабоду асацыяцыі і права на разбор справы незалежным і бесстароннім судом, прадугледжаныя артыкуламі 22 і 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Як зазначыў Р.Кісляк, члены ліквідаванага ГА "Стары горад" звяртаюць увагу камітэта ААН на тое, што з 2000 года па такіх жа надуманых або нязначных падставах былі ліквідаваны ў Беларусі дзесяткі грамадскіх аб'яднанняў. Сярод іх — Брэсцкі абласны цэнтр "Вежа", гродзенскае аб'яднанне "Ратуша", праваабарончы цэнтр "Вясна", гомельскае аб'яднанне "Грамадзянскія ініцыятывы", аб'яднанне "Незалежнае таварыства прававых даследаванняў", маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Сузор'е".