viasna on patreon

Павел Юхневіч на Акрэсціна

2008 2008-07-03T15:28:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Юхневіч з учорашняга дня адбывае 7-суткавы арышт у турме на вуліцы Акрэсціна ў Мінску.

За ўдзел у афіцыйным мітынгу прафсаюзаў 1 мая Павел Юхневіч быў завочна прысуджаны судом Першамайскага раёна да 7 сутак арышту. Пасля вынясення прысуду дадому да Юхневіча неаднаразова наведваўся ўчастковы міліцыянт. Моладзевы актывіст вырашыў прыйсці ў Першамайскі РУЎС сам, каб яго не схапілі на вуліцы супрацоўнікі АМАПа, як гэта адбылося на днях з яшчэ адным актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Яўгенам Афнагелем. (Моладзевага лідэра арыштавалі на 17 сутак. Да 7 сутак арышту за ўдзел у акцыі 1 мая суддзя Таццяна Паўлючук дадала 10 сутак арышту нібы за «нецэнзурную лаянку». Сведкамі па гэтай справе традыцыйна выступалі амапаўцы).

Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь"прыйшлі 1 мая да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзнялі на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. Да таго ж, дата мае вялікае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны. Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПу. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі дрэўкі і адбіралі сінія палотны з зоркамі.

Усяго ў часе афіцыйнага мітынгу было затрымана каля 30 чалавек. Раней за гэтую жа акцыю адбыў 15 сутак арышту старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

Такія жа завочныя прысуды за ўдзел у афіцыйным першамайскім мітынгу былі вынесеныя актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю і лідэрам «Маладога Фронту» Зміцеру Дашкевічу і Артуру Фінькевічу. Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, рашэнне суду Першамайскага раёна супярэчыць закону і не з'яўляецца правамоцным, паведамляе Хартыя-97.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства