viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, чэрвень 2008 году

2008 2008-07-03T14:42:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асноўныя падзеі ў Беларусі ў чэрвені – гэта афіцыйнае абвяшчэньне парламенцкіх выбараў і старт выбарчай кампаніі, а таксама экстрэннае прыняцьце парламентам новага занонапраекту “Аб СМІ”, які істотна пагаршае становішча мас-медыя адносна дзеючага заканадаўства і мае відавочны рэпрэсіўны характар.  24 чэрвеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 344 "Пра прызначэньне выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня". Паводле гэтага дакумента парламенцкія выбары ў краіне пройдуць 28 верасьня. Напярэдадні Беларускі хельсінкскі камітэт ды іншыя праваабаронцы абвясьцілі пра пачатак правядзеньня маніторынгу парламенцкіх  выбараў у Беларусі. На прэс-канферэнцыі, якая прайшла 12 чэрвеня, на пытаньні журналістаў адказвалі старшыня БХК Алег Гулак і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека праваабаронца Алесь Бяляцкі. На прэс-канферэнцыі было адзначана, што існуючае беларускае заканадаўства дазваляе праводзіць дастаткова свабодныя выбары, аднак асноўная праблема – у практыцы яго ўжываньня. Пры наяўнасьці палітычнай волі выбары маглі бы быць свабоднымі і справядлівымі. Рэакцыяй уладаў на абвешчаны маніторынг стаў ціск на праваабаронцаў  ды членаў іхніх сем’яў.  12 чэрвеня на дзяржаўным "Першым канале" Беларускага тэлебачаньня быў праанансаваны сюжэт, ганьбуючы гонар і годнасьць вядомых беларускіх праваабаронцаў, які затым быў паказаны ў нядзельнай "Панараме". Акрамя гэтага на фоне дыскрэдытацыі праваабарончай дзейнасьці дзяржаўнымі СМІ улады ажыцьцяўляюць дэталёвую праверку падатковай гісторыі праваабаронцаў. Загады Міністэрства па падатках і зборах пра неабходнасьць падаць дэкларацыі аб прыбытках і маёмасьці атрымалі старшыня БХК Алег Гулак, эксстаршыня арганізацыі Тацяна Процька, члены сям'і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, сябра БХК Зьміцер Маркушэўскі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, а таксама чальцы іх сем'яў.

Нягледзячы на афіцыйныя заявы кіраўніцтва краіны, у тым ліку А.Лукашэнкі, наконт празрыстасьці і дэмакратычнасьці правядзеньня выбараў, праваабаронцы ўжо зараз канстатуюць шматлікія факты парушэньняў у гэтай сьферы, сярод якіх канфіскацыя друкаванай прадукцыі, затрыманьні, суды і арышты. На працягу чэрвеня вялікая колькасьць актывістаў была прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасьці, у асноўным – за ўдзел у несанкцыянаваных масавых марапрыемствах. Аказваецца ціск на моладзевых актывістаў з боку КГБ і праз ваенныя камісарыяты.

 Пасьпешнае прыняцьце беларускім парламентам новага закону "Аб сродках масавай інфармацыі" мела вялікі розгалас як у беларускай, так і ў міжнароднай супольнасьці. Законапраект рыхтаваўся на працягу 5 гадоў з падачы Адміністрацыі прэзідэнта ў закрытым рэжыме. Незалежнае NGO “Беларуская асацыяцыя журналістаў” неаднаразова зьвярталася з просьбай даць магчымасьць эксьпертам асацыяцыі прысутнічаць на паседжаньні працоўнай групы і пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, аднак гэтыя прозьбы былі праігнараваныя. Законапраект быў унесены ў парадак дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 чэрвеня ў экстрэнным парадку і ўжо на наступны дзень была прызначаная дата разгляду - 17 чэрвеня. Юрысты БАЖ атрымалі тэкст законапраекту толькі 11 чэрвеня  і ў выніку аналізу дакументу прыйшлі да высновы, што ў выпадку прыняцьця законапраекту па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены сур’ёзны ўдар, што паставіць іх на мяжу выжываньня і можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня незалежных СМІ у краіне. Між тым законапраект "Аб СМІ" быў прыняты ў першым чытаньні фактычна аднагалосна: "за" прагаласавалі 93 "дэпутата", супраць – толькі 1.27 чэрвеня , напярэдадні прыняцьця законапраекта "Аб СМІ" Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні, міжнародная супольнасьць, у тым ліку Прадстаўнік па свабодзе СМІ Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) Міклаш Харашці заклікалі беларускія ўлады не зацьвярджаць гэты законапраект, бо, на іх думку, ён пагоршыць і без таго неапраўдана жорсткі рэжым рэгуляваньня працы СМІ ў Беларусі. Адразу некалькі ўплывовых міжнародных арганізацыяў, сярод якіх Міжнародная Федэрацыя Журналістаў, накіравалі лісты Аляксандру Лукашэнку і Савету Рэспублікі з прапановай аказаць дапамогу ў дапрацоўцы гэтага дакументу, каб прывесьці яго ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі і патрабаваньнямі міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Законапраект прадугледжвае шэраг новаўвядзенняў. Уводзіцца забарона на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі. Адказнасьць СМІ цяпер будзе наступаць у выніку "распаўсюду недакладнай інфармацыі, што можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам ". У новым праекце закона адсутнічае палажэньне, згодна з якім арганізацыі, пры якіх акрэдытаваны карэспандэнт, абавязаныя паведамляць яму аб будучых мерапрыемствах, забясьпечваць дакументамі. Сур’ёзна можа пацярпець незалежная інфармацыйная інтэрнэтпрастора.Нягледзячы на заклікі міжнароднай і беларускай супольнасьці, 28 чэрвеня Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі на заключным паседжаньні 10-й сесіі ўхваліў законапраект «Аб сродках масавай інфармацыі». На знак пратэсту супраць экстрэннага прыняцьця дакументу БАЖ заклікала незалежныя інтэрнэт-крыніцы правесьці "Гадзіну маўчаньня" - не абнаўляць на працягу гадзіны інфармацыю і разьмясьціць чорныя банеры. Да аднадзённай акцыі далучыліся дзясяткі сайтаў, мэта яе - паказаць карыстальнікам Байнэту, што пагроза зьнікненьня крыніцаў незалежнай інфармацыі сёньня рэальная як ніколі.17 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ прынялі ў другім чытаньні зьмены і дадаткі ў законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму. Апазыцыйныя палітыкі ўпэўненыя, што зьмены сур'ёзна звузяць магчымасьці палітычных партыяў у перыяд правядзеньня выбарчых кампаніяў. "Новаўвядзеньні ў законы значаць толькі тое, што будзе ўзмоцнены ціск на апанентаў улады, - упэўнены лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. - Я не выключаю, што гэты закон будзе выкарыстаны, каб зьняць непажаданых кандыдатаў у дэпутаты на выбарах, якія маюцца быць ў "палату прадстаўнікоў" у гэтую восень, альбо на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года". 
  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

            У Беларусі выйшла кніга пад назвай "Сяргей Парсюкевіч. На хвалях жыцця", якая распавядае пра асуджанага на два з паловай гады турэмнага зьняволеньня старшыню Савета прадпрымальнікаў Смаленскага рынку Віцебску. Выданьне кнігі зьдзейсьненае віцебскім камітэтам "За свабоду Сяргея Парсюкевіча", у яе ўвайшлі матэрыялы, якія зьмяшчаліся ў незалежных сродках масавай інфармацыі. "Псторыя гэтага прыстойнага чалавека, мужнага змагара за справядлівасьць, праўду і свабоду, знойдзе водгук у сэрцах чытачоў: у каго зьнішчыць страх, у каго прабудзіць сумленьне, - выказала меркаваньне маці былога палітвязьня, актывістка Руху "За Свабоду" Тацьцяна Севярынец.

 

Абаронца палітвязьня Аляксандра Казуліна накіраваў скаргу на імя Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча, які некалькі месяцаў таму быў прызначаны на гэту пасаду. Адвакат Зьміцер Гарачка мяркуе, што трэба выкарыстоўваць ўсе магчымасьці для адмены прысуду былому кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Казуліну, які правёў за кратамі ўжо больш за два гады.

 У Віцебскім КДБ працягваюцца допыты грамадзка-палітычных актывістаў у межах узбуджанай крымінальнай справы па факце рассылцы лістоў з пагрозамі ад імя прафашыстоўскай арганізацыі РНЕ ("Русского Нацнонального Едннства"). 16 чэрвеня на допыт у якасьці сьведкі быў выкліканы сябра Кансерватыўна Хрысціянскай Партыі БНФ Сяргей Каваленка. Нагадаю, што 23 траўня па гэтай справе ў кватэры віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка супрацоўнікі КДБ амаль 9 гадзінаў праводзілі ператрус, у выніку якога была забаная ўся аргтэхніка і друкаваныя выданьні. Леанід Сьвецік кансультаваў тых, хто атрымаў допісы ад імя "РНЕ", - дапамагаў ім складаць заявы ў пракуратуру.

 

Менская пракуратура чарговы раз прыпыніла крымінальную справу, распачатую ў 2005 годзе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Падставай паслужылі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на сайце незарэгістраванай арганізацыі “Трэці шлях”. У межах гэтай справы ў сакавіку на офісах і кватэрах незалежных журналістаў, якія працавалі на замежныя радыёстанцыі без акрэдытацыі, супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы, у выніку якіх забралі кампутары і аргтэхніку, патлумачыўшы, што яе правераць на датычнасьць да распаўсюду мультфільмаў. 12 чэрвеня пракуратура паведаміла, што  маёмасьць журналістам будзе вернутая.

 

28 чэрвеня пасьля паседжаньня палітрады партыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі супрацоўнікамі міліцыі быў прэвентыўна затрыманы асуджаны раней  да абмежаваньня волі па так званым “Працэсе-14” Міхась Пашкевіч, які на паседжаньні быў дэлегаваны партыяй назіральнікам у Цэнтральную выбарчую камісію. 30 чэрвеня судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Менску Рыта Шаграй разгледзеўшы адміністратыўную справу, заведзеную на моладзевага актывіста па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), вынесла яму  7 сутак арушту і аштрафавала за непавагу да суду на 10 базавых велічыняў (350 тыс. рублёў). 
  1. Парушэньні права на свабоду ассацыяцыяў
 19 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ў чарговы раз адмовіла "Праваабаронча-асветніцкаму грамадзкаму аб'яднаньню "Рух "За Свабоду" у рэгістрацыі. Падставай для адмовы палічана неадпаведнасьць заяўленых мэтаў і дзейнасьці тым, якія нібыта будуць у рэальнасьці. Як лічыць Мінюст, які не мае прэтэнзіяў да мэтаў, пазначаных у статуце, рэальныя мэты "Руху "За свабоду", не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства Рэспублікі Беларусь, што ў адпаведнасьці з артыкулам 15 Закону РБ "Пра грамадзкія аб'яднаньні" зьяўляецца падставай для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі.

 

У чэрвені аргкамітэт па стварэньні  Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі атрымаў ліст ад Міністэрства юстыцыі, дзе грамадзкаму аб'яднаньню таксама ўжо ў другі раз адмаўляецца ў рэгістрацыі. Прычынай пазначана тое, што дзяржаўнаму ведамству так і засталіся незразумелымі «мэты, задачы, прадмет і мэтады дзейнасьці арганізацыі». 
  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі
           16 чэрвеня рэдакцыя газеты «Народная Воля» і намесьніца галоўнага рэдактара Марына Коктыш, якія спрабавалі прыцягнуць да судовай адказнасьці Службу бясьпекі прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу за адмову акрэдытаваць там журналістку, атрымалі з суда Маскоўскага раёна афіцыйныя адказы на свае скаргі. Судзьдзя Гусакова В.А. адмовіла ім у гэтым праве.

 

18 чэрвеня газета «Витебский курьер» атрымала папярэджаньне адразу па двух артыкулах закону «Аб друку і іншых СМІ». Міністэрства сьцвярджае, што газета ўказала ў выходных дадзеных несапраўдны адрас рэдакцыі (арт. 26), а таксама не паведаміла Мінінфарму ў належны тэрмін пра зьмену адрасу для ўнясеньня зьменаў у пасьведчаньне аб рэгістрацыі (арт. 11).  

 

20 чэрвеня ў Навабеліцкім раёне Гомеля міліцыя затрымала грамадзкага актывіста, гісторыка Сьвятаслава Шапавалава, які раздаваў гараджанам улёткі з тлумачэньнем пазіцыі Аб’яднаных Дэмакратычных Сілаў рэгіёну да будучых парлямэнцкіх выбараў. У пастарунку ў С. Шапавалава канфіскавалі 675 улётак і склалі адміністратыўны пратакол па арт. 22.9 КаАП за “распаўсюд пэрыядычных друкаваных выданьняў без выходных зьвестак”. Аднак улёткі не зьяўляюцца перыядычным друкаваным выданьнем, таму падобныя дзеяньні міліцыянтаў супярэчаць існуючаму заканадаўству.

 

20 чэрвеня ў  Гародні супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Уладзіміра Таболу, які распаўсюджваў газэты “Гродзенская салідарнасць” і “Свабода” каля прахадной завода аўтамабільных агрэгатаў, і даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол аб выняцьці газет. Ад дачы тлумачэньня Уладзімір Табола адмовіўся, бо лічыць, што распаўсюд інфармацыі яму гарантаваны Канстытуцыяй, а заканадаўства ён не парушаў. Канфіскаваныя газеты, па словах міліцыянтаў, мусяць прайсьці экспертызу ва ўпраўленьні ідэалогіі Гарадзенскага аблвыканкама, пасля чаго будзе прынятае рашэньне ў адносінах да Уладзіміра Таболы.  
  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў
 12 чэрвеня актывіст дэмакратычнага руху Аляксандр Атрошчанкаў быў выкліканы ў КДБ дзеля тлумачэньняў наконт ягонай скаргі на супрацоўнікаў гэтай установы, якія летась забралі ў яго з кватэры кампутар і аргтэхніку. Праз некалькі хвілінаў ён патэлефанаваў жонцы і паведаміў, што яго затрымліваюць, тэлефон адключыўся. Амаль увесь дзень сваякі і знаёмыя спрабавалі высьветліць месцазнаходжаньне актывіста. Між тым на закрытым судовым у судзе Цэнтральнага раёну Менску Аляксандр Атрошчанка быў пакараны адміністратыўным арыштам тэрмінам на 15 сутак за абразу судзьдзі Алены Ільіной (арт. 24.1 КаАП) падчас разгляду крымінальнага “Працэсу 14-ці”.

 

27 чэрвеня судзьдзя Маскоўскага райсуду Менску Харкевіч прызнаў сябра БХК з Маладэчна, аднаго з удзеньнікаў правядзеньня маніторынгу за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эдуарда Баланчука віноўным ў парушэньні адразу двух артыкулаў адміністратыўнага кодэксу: арт. 23.4 КаАП – “Непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў” і арт.17.1 КаАП – “Дробнае хуліганства”. Суд прыняў да ўвагі толькі паказаньні міліцыянтаў, якія затрымллівалі праваабаронцу каля сталічнага офісу БХК і праігнараваў паказаньні сьведкаў з боку абвінавачанага. У выніку Эдуард Баланчук пакараны 10 суткамі арышту і грашовым штрафам у памеры 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. руб.). Такім чынам, улады распачалі мэтавыя рэпрэсіі супраць тых, хто адкрыта заявіў пра намер праводзіць маніторынг парламенцкіх выбараў.

 

27 чэрвеня ў цэнтры Менску быў прэвентыўна затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яго ў нецэнзурнай лаянцы і склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП – “Дробнае хуліганства”. На наступны дзень суд Цэнтральнага раёна Менску прызнаў актывіста віноўным і пакараў 10-суткавым арыштам. Раней Я. Афнагель быў завочна асуджаны на 7 сутак арышту за ўдзел у першамайскай дэманстрацыі, якую ладзілі афіцыйныя прафсаюзы каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску. Такім чынам, актывіст мусіць правесьці ў зьняволеньні 17 сутак.  
  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычным матывам
           12 чэрвеня суд адмовіў ў аднаўленьні на працы старшыні раённай суполкі Партыі БНФ з Гарадку Леаніду Аўтухову, які быў звольнены па сканчэньні кантракту. На працягу двух дзён судовага працэсу Л. Аўтухоў спрабаваў давесьці, што працэдура ягонага звальненьня адбывалася з парушэньнямі працоўнага заканадаўства, бо пра тое, што  кантракт ня будзе працягнуты, яму паведамілі менш як за месяц. Старшыня райсуду Аляксандар Ляшкевіч не задаволіў патрабаваньні Л. Аўтухова наконт аднаўленьня на працы, выплаты сярэдняга заробку падчас вымушанага беспрацоўя і кампенсацыі маральнае шкоды.

 

26 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску адбыўся разгляд судовай скаргі старшыні культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франака Вячоркі на Беларускі дзяржаўны ўнівэрсітэт, які ў лютым гэтага году адлічыў студэнта з трэцяга курсу факультэту журналістыкі БДУ. Судзьдзя Вольга Гусакова палічыла, што працэдурныя нормы адлічэньня не парушаныя, да таго ж Франак Вячорка прапусьціў тэрміны.

 

27 чэрвеня студэнту першага курсу філалагічнага факультэту гарадзенскага ўнівэрсітэту Сяргею Еніну паведамілі з дэканату, што падрыхтаваны загад аб яго выключэньні з фармулёўкай "акадэмічная непасьпяховасьць". Сапраўднай прычынай адлічэньня студэнт лічыць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, бо С. Енін - аўтар некалькіх работ па гісторыі і эканоміцы, у якіх ён выступіў з крытыкай дзеяньняў беларускіх уладаў. Студэнт таксама накіраваў ліст на гарачую лінію рэктарату, у якім раскрытыкаваў палітыку ўнівэрсытэту ў дачыненьні да міжнародных абменаў.

 

Актывістку Хрысціянскай дэмакратыі Ганну Антонаву адлічылі з 1 курса факультэта беларускай філалогіі і культуры  менскага педагагічнага ўніверсітэта за тое, што студэнтка ад свайго імя напісала заяву на правядзенне пікету ў падтрымку палітзьняволенага А.Казуліна. У дэканаце Г.Антонавай заявілі, што яна "вучыцца ў дзяржаўнай навучальнай установе і абавязана падтрымліваць палітыку нашай дзяржавы і нашага прэзідэнта". 
  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня
      17 чэрвеня судзьдзя Старадарожскага суду Сяргей Епіхаў прызнаў сьвятара Леаніда Акаловіча віноўным у парушэньні арт. 23.34 КаАЦ і прысудзіў яму штраф у памеры 30 базавых велічынь (што складае 1 мільён 50 тысячаў руб.). Правапарушэньне сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Леаніда Акаловіча палягала ў асьвячэньні шасьціканцовага крыжа, які быў усталяваны прадстаўнікамі грамадзкасьці ў вёсцы Дражна ў памяць пра мірных жыхароў, забітых савецкімі партызанамі ў 1943 годзе. Праз некалькі дзён мясцовыя ўлады дэмантавалі крыж, а за ўдзел у жалобнай акцыі памяці, па 15 сутак арышту адседзелі актывіст апазіцыі Вячаслаў Сіўчык і пісьменнік, аўтар кнігі пра трагедыю вёскі Дражна Віктар Хурсік. 
  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў
      4 чэрвеня судзьдзя суда Мінскага раёну Вячаслаў Тулейка на 10 сутак адміністратыўнага арышту асудзіў старшыню секцыі "Мемарыял" Беларускага добаахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслава Сіўчыка на падставе арт. 23.34 КаАП за ўдзел несанкцыяваным мерапрыемстве — падвядзеньні вынікаў фотаконкурсу беларускай службы "Радыё Свабода" ("Маё фота — мае Курапаты"), якое прайшло ва ўрочышчы 3 чэрвеня.

 

5 чэрвеня судзьдзя Ленінскага райсуду Гародні Натальля Козел прызнала гарадзенскага праваабаронцу Віктара Сазонава і старшыню абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна віноўнымі ў парушэньні арт. 23.34 КаАП ("Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў") і прысудзіла да выплаты буйных штрафаў: па 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. руб.) кожнаму. Правапарушэньне складалася ў тым, што на шматлюдным канцэрце знакамітага польскага гурта Lombard, які адбыўся ў Гродне 2 траўня,  з даху адміністрацыйнага будынку яны шэсьць хвілінаў махалі бел-чырвона-белым сьцягам. 9 чэрвеня за арганізацыю гэтага канцэрту на 40 базавых велічыняў была аштрафаваная старшыня апазіцыйнага «Саюзу палякаў на Беларусі» Анжаліка Борыс.

     

     11 чэрвеня ў Полацку супрацоўнікі міліцыі затрымалі і даставілі ў мясцовы РАУС пяцёх актывістаў Маладога Фронту: Кацярыну Салаўёву, Алеся Круткіна, Мікалая Дземідзенку, Сяржука Каралёнка, Алеся Хаберава. Маладафронтаўцы разгарнулі расьцяжку "STOP-ДЫКТАТУРА" насупраць Полацкага выканкаму. Аднаму з актывістаў Алесю Хабераву стала кепска і яго забрала "хуткая дапамога". 12 чэрвеня судзьдзя Дзеравенка Н.В. на падставе складзеных па ч.3 арт. 23.34 КаАП пратаколаў пакарала затрыманых актывістаў штрафам у памеры 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. руб.) кожнага за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні.

 

17 чэрвеня судзьдзя Слонімскага раённага суду Аляксандр Шылін прызнаў дэмакратычнага актывіста Алеся Масюка віноўным у парушэньні артыкула 23.34 КаАП за арганізацыю сустрэчы жыхароў з Аляксандрам Мілінкевічам і пакараў яго штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (700 тысячаў рублёў). Пры гэтым судзьдзя не зьвярнуў увагу на той факт, што адміністратыўны пратакол на актывіста быў складзены толькі праз месяц пасьля напісаньня міліцэйскага рапарту, хаця па заканадаўству прадугледжаны тэрмін ня больш як 10 дзён. Хадайніцтвы А. Масюка аб прыцягненьні дадатковых сьведкаў і адвод суддзьдзі былі адхіленыя.

 

20 чэрвеня суд Пухавіцкага раёну прызнаў жыхара пасёлку Дружны Сяргея Салдаценку віноўным па арт.23.34 КаАП - Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў і пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 15 базавых велічыняў (525 тысячаў рублёў). 28 чэрвеня судзьдзя Пухавіцкага раённага суду Анжаліка Данілава аштрафавала інваліда з Рудзенску Міхаіла Калінкевіча на 10 базавых адзінак (350 тысяч рублёў) за ўдзел 16 траўня ў несанкцыянаваным мітынгу супраць будаўніцтва хімзаводу расейскай прыватнай кампаніяй "Август-Бел". Раней за ўдзел у мітынгу пратэсту суд Пухавіцкага раёну ўжо двойчы караў буйнымі штрафамі актывіста ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва хімзаводу Сяргея Абразоўскага, а таксама дзьвюх настаўніц з Дружнага - Насту і Тацяну Дыльковых. Папярэджаньне пракуратуры атрымала яшчэ адна ўдзельніца, Тацяна Рысёвец. Нагадаем, што будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія "Аўгуст-Бел". Супраць будаўніцтва закоду выступаюць мясцовыя жыхары, якія зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстытуцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і нават да Аляксандра Лукашэнкі. Таксма людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ. 
  1. Дзейнасьць спецслужбаў
            КДБ працягвае запалохваць студэнтаў. Як распавёў моладзевы актывіст Алесь Галавач, у кабінэце дэканату супрацоўнік КДБ прымушаў яго да супрацоўніцтва, у выпадку адмовы пагражаў адлічэньнем з Беларускага ўнівэрсытэту культуры, дзе Алесь навучаецца на пятым курсе факультэту традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. 
  1. Перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў і праваабаронцаў
 Як у былыя савецкія часы беларускія ўлады актыўна спрабуюць выкарыстаць абавязковую вайсковую службу, якая існуе ў краіне, як карны інструмент супраць моладзевых дэмакратычных ктывістаў.Беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў замежных навучальных установах, здымаюць на мяжы і паведамляюць, што ім забаронены выезд за межы Беларусі. Прозьвішчы ўнесеныя ў так званыя “чорныя сьпісы” ваеннымі камісарыятамі, якія спрабуюць такім чынам забраць іх у войска. Моладзевага актывіста Партыі БНФ Франака Вячорку памежнікі не прапусьцілі праз беларуска-літоўскую мяжу на памежным пераходзе Каменны Лог, аднак прычыну не патлумачылі. Між тым Франак Вячорка прайшоў раённую медкамісію згодна з якой мае адтэрміноўку ад прызыву ў войска на паўгода, бо перанёс аперацыю на вочы.Студэнта-каліноўца Зьмітра Буянава, які навучаецца ў Гданьскім універсітэце, памежнікі вывелі з цягніка, калі той перасек мяжу з польскага боку і паведамілі, што назад яго ня пусьцяць, бо ён таксама трапіў у “чорны сьпіс”. Аднак у  ваенкамаце маецца  даведка з універсітэту з перакладам на беларускую мову, таму там студэнту паведамілі, што ён мае адтэрміноўку на год, а далей даведкі  трэба штогод прадстаўляць.Старшыню Моладзі БНФ Алеся Каліту таксама спрабуюць забраць у войска, нягледзячы на тое, што раённая камісія прызнала яго нягодным да службы. У ваенкамаце актывісту далі новае накіраваньне на медкамісію, і зараз Алесь Каліта праходзіць рэспубліканскую медычную камісію.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства