viasna on patreon

Віцебскія апазіцыянеры - на старце выбарчай кампаніі

2008 2008-06-25T14:40:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Па чатырох акругах абласнога цэнтра сябры віцебскай суполкі Аб’яднаных дэмакратычных сіл на выбарах ў Палату прадстаўнікоў падтрымалі кандыдатуры сакратара абкама ПКБ Алеся Вінаградава, лідэркі хрысціянскіх дэмакратаў вобласці Таццяны Севярынец, прадстаўніка БСДП (Грамада) Міхаіла Шпакоўскага і старшыні рэспубліканскага прафсаюзу малога бізнэсу “Разам”, які знаходзіцца ў пэрманэнтнай стадыі рэгістрацыі, прадпрымальніцы Ірыны Яскевіч.

 

Гэта вядомыя ў рэгіёне асобы. Кожны з іх мае магчымасць сабраць актыўную і працаздольную каманду, каб данесці да выбарцаў галоўныя напрамкі сваёй праграмы. Акрамя таго, вылучэнцы ў будучыя кандыдаты не хаваюць галоўнай мэты кампаніі – прапаганды сярод насельніцтва ідэй сваіх партый і арганізацый.

Старшыня прафсаюзу малога бізнесу “Разам” Ірына Яскевіч на пытанне пра тое, на каго яна ў першую чаргу разлічвае ў кампаніі, адказала:

– Перадусім я разлічваю на тых людзей, якія мяне ведаюць. Гэта прадпрымальнікі і жанчыны, не толькі прадпрымальніцы, наогул віцебляне.

Наконт дапамогі Аб’яднаных дэмакратычных сіл спадарыня Ірына кажа:

– Разлічваць на дапамогу заўсёды прыемна. Мы спадзяемся, што яна будзе. Калі ж не будзе, мы ўсё роўна пойдзем да сваёй мэты.

Доктар “хуткай дапамогі”, актывіст Партыі камуністаў беларускай Алесь Вінаградаў не лічыць старт выбарчай кампаніі пачаткам працы:

– Не пачатак, а ейны працяг – выхад на фінальны, вырашальны этап.

На гэтым этапе ў галоўнай ролі ён бачыць не асобы вылучэнцаў на кандыдатаў у дэпутаты, а менавіта партыйныя і грамадскія арганізацыі. Алесь Вінаградаў лічыць:

– Да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты на першым месцы праца партыйных структураў і структураў АДС. Таму што на сёння ўсе незалежныя рэальныя кандыдаты ідуць мад маркай АДС, і ад таго, як спрацуе АДС па папулярызацыі сваёй палітыкі, сваёй праграмы, будзе, безумоўна, залежыць поспех кожнага кандыдата ў дэпутаты, які ідзе ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Перадвыбарчая праца распачынаецца. Якім будзе вынік, будзе бачна восенню.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства