viasna on patreon

Судзяць удзельнікаў пратэсту ў Дружным

2008 2008-06-20T17:25:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня ў судзе Пухавіцкага раёну разглядаецца адміністрацыйная справа супраць жыхара пасёлку Дружны Сяргея Салдаценкі. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу пратэсту супраць будаўніцтва на Пухавіччыне заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі “Аўгуст-Бел”. Жыхары пасёлку ня вераць у справядлівасьць судовай сыстэмы і зьбіраюць грошы на выплату штрафаў, а таксама ініцыююць адкліканьне дэпутатаў мясцовых саветаў.

Суд распачаўся яшчэ ў панядзелак, але Сяргей Салдаценка нават ня быў азнаёмлены з сутнасьцю абвінавачаньня, таму паседжаньне было перанесенае на сёньня. Аднак спадар Салдаценка ўсё роўна ня верыць у справядлівасьць суду:

“Хутчэй за ўсё прысуд ужо вынесены. Бо ў нас было ўжо некалькі аналягічных спраў і людзей аштрафавалі”.

Сапраўды, раней штрафамі былі пакараныя дзьве настаўніцы з Дружнага Наста Папова і Тацяна Дылькова, двойчы быў аштрафаваны жыхар Сьвіслачы Сяргей Абразоўскі. І цяпер мясцовыя людзі зьбіраюць грошы на выплату, кажа актывістка ініцыятыўнай групы Алена Буткоўская:

“У арганізацыях прасьцей зьбіраць грошы. У некаторых нават у той жа самы дзень, калі быў суд, значныя сумы зьбіралі. Але сталыя людзі, пэнсіянэры, кажуць, што мы ня можам нічым дапамагчы, дык хоць па пад’ездах пойдзем, пазьбіраем грошы. Ня факт, што яны зьбяруць неабходную суму, але ўсё роўна людзі салідарныя”.

Сёньня ж актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу падаюць заявы на правядзеньне сходу грамадзкасьці аб адкліканьні дэпутатаў пасялковага савету Аляксандра Кацэні і Віталя Чумачэнкі.

“Мяркуем, вядома, што нам не дадуць дазволу на правядзеньне гэтага сходу, але тады яны дадуць нам падставы на далейшыя дзеяньні, – гаворыць адзін з ініцыятараў адкліканьня дэпутатаў Сяргей Абразоўскі. – Мы гатовыя да аднадзённага страйку, а таксама правядзём на наступным тыдні мітынг – незалежна ад таго, што дазволу на яго няма”.

Пікеты ў падтрымку жыхароў пасёлку Дружны, якія плянавалі правесьці актывісты прадпрымальніцкага руху ў Барысаве, Жодзіне і Салігорску, былі забароненыя. Вось як гэта пракамэнтаваў адзін з заяўнікаў у Барысаве Віктар Гарбачоў:

“Сёньня Дружны, а заўтра Барысаў, заўтра Барысаў, а пасьлязаўтра Жодзіна. Калі мы не паінфармуем грамадзтва, што адбываецца ў нашай кране, то гэтая праблема прыйдзе да нас і мы нават не заўважым, як побач збудуюць завод па перапрацоўцы ядахімікатаў, і народ будзе маўчаць”.

Паводле спадара Гарбачова, мясцовыя ўлады нават не патлумачылі прычыны забароны пікету, а таму заяўнікі будуць зьвяртацца ў суд.

Будаўніцтва заводу для вытворчасьці пэстыцыдаў пачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары Дружнага, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстытуцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства