viasna on patreon

Мінюст адмовіў Руху ў рэгістрацыі

2008 2008-06-19T15:27:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Падставай для адмовы палічана неадпаведнасць заяўленых мэтаў і дзейнасці тым, якія нібыта будуць у рэальнасці. Мінюст заняўся прадказальніцтвам.

У заказным лісце на імя ініцыятараў стварэння ПАГА “Рух “За свабоду” намеснік начальніка ўпраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі Я. Кірычэнка аналізаваў выступы і публічныя заявы Аляксандра Мілінкевіча ды іншых актывістаў Руху і зрабіў выснову, што рэальныя мэты стварэння і дзейнасці грамадскага аб’яднання не адпавядаюць указаным ва ўстаўных дакументах мэтам і задачам. Яны, на думку чыноўніка Мінюсту, сведчаць пра палітычны характар дзейнасці арганізацыі.

Як лічыць Мінюст, які не мае прэтэнзіяў да мэтаў, пазначаных у статуце, рэальныя мэты ПАГА “Рух “За свабоду”, не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь, што ў адпаведнасці з артыкулам 15 Закона РБ “Пра грамадскія аб’яднанні” з’яўляецца падставай для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі.

Ініцыятары стварэння Руху лічаць, што Мінюст фактычна карае арганізацыю, якая яшчэ не зарэгістравана і не пачала сваю дзейнасць у выглядзе  ПАГА “Рух “За свабоду”, за неадпаведнасць яе дзейнасці статуту.

– Мінюст нейкім толькі яму вядомым чынам, на падставе сваіх аналітычных распрацовак вызначыў нібыта рэальныя мэты яшчэ нестворанай грамадскай арганізацыі, ацаніў яе дзейнасць у будучым і вынес свой вердыкт пра неадпаведнасць гэтай дзейнасці статуту. Напэўна Міністэрства юстыцыі збіраецца заняць нішу гадалак і экстрасэнсаў, рэклама якіх нядаўна забаронена палатай прадстаўнікоў, – кажа сябра Рады ПАГА “Рух “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

– Адказ з Мінюста сведчыць аб тым, што ўлады прынцыпова адмаўляюцца рэгістраваць грамадскія аб’яднанні, якія на іх думку “няправільныя”. Меркаванні грамадскіх дзеячаў аб палітычнай, эканамічнай і праўнай сітуацыі ў краіне з’яўляюцца для чыноўнікаў падставай для нерэгістрацыі ПАГА “Рух “За свабоду”, што на маю думку абсалютна не дапушчальна і гаворыць пра тое, што ў нас забаронена нават свабода думкі. Мінюст фактычна парушае “прэзумпцыю невінаватасці”, калі арганізацыя, якая яшчэ не створана, ужо караецца, – лічыць сябра Рады ПАГА “Рух “За свабоду” Аляксей Кавалец.

Каб была хоць нейкая прыстойная зачэпка, Мінюст звярнуў увагу на тое, што ў гарантыйным лісце ад прадпрыемства, якое гатова даць юрыдычны адрас ствараемай арганізацыі ў назве “Праваабаронча-асветніцкае аб’яднанне “Рух “За Свабоду”, якому прадастаўляецца юрыдычны адрас, адсутнічае слова “грамадская”. Мінюст робіць выснову, што гэты дакумент гарантуе наяўнасць юрадраса для нейкай іншай арганізацыі. Калі Міністэрства юстыцыі вяртала сабраныя для рэгістрацыі дакументы на дапрацоўку, сярод заўваг гэтага пункту не было.

– Мы лічым адмову абсурднай і абавязкова будзем яе абскарджваць у Вярхоўным судзе, – дадае Юрась Губарэвіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства