Еўропа: пра якую свабоду слова ў Беларусі можна гаварыць, калі «Народная воля» амаль тры гады вымушана друкавацца ў Расіі
Як вядома, напрыканцы мінулага тыдня ў Варшаве адбылася канферэнцыя па праблемах дэмакратызацыі СМІ ў Беларусі. Яе правядзенне ініцыявала Парламенцкая асамблея Савета Еўропы. Увага міжнароднай супольнасці да нашай краіны не выпадковая: лукашэнкаўскі рэжым душыць свабоду слова, жорстка парушае правы як журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі, так і чытачоў, тэлегледачоў і радыёслухачоў.
Удзельнікі канферэнцыі прынялі спецыяльную рэзалюцыю, у якой выказалі занепакоенасць у сувязі з адсутнасцю паляпшэння сітуацыі ў адносінах да СМІ і свабоды слова ў Беларусі. Па-ранейшаму аказваецца ціск і ажыццяўляюцца рэпрэсіі як у адносінах да структур грамадзянскай супольнасці, так і ў адносінах да незалежнай прэсы і журналістаў. Два гады таму была ўведзена забарона на распаўсюджванне незалежнай прэсы. Трынаццаць незалежных газет былі выключаны з рэспубліканскага падпіснога каталога, а шаснаццаць сутыкнуліся з праблемамі пры свабодным рознічным продажы. Шэраг газет пазбаўлены магчымасці друкавацца ў Беларусі. Улады па-ранейшаму трымаюць манаполію на большасць друкаваных і электронных СМІ, а таксама на сістэму друку і распаўсюджвання.
Канферэнцыя выказала занепакоенасць тым, што судовая сістэма, заканадаўчыя механізмы і праваахоўныя органы ў Беларусі выкарыстоўваюцца ў якасці рэпрэсіўных сродкаў у адносінах да СМІ і журналістаў. Ператрусы ў кватэрах журналістаў і офісных памяшканнях 27 сакавіка 2008 года сталі чарговым доказам умяшальніцтва беларускіх спецслужбаў у працу СМІ.
Удзельнікі канферэнцыі па дэмакратызацыі СМІ ў Беларусі нагадваюць у прынятай рэзалюцыі, што Рэспубліка Беларусь мае міжнародныя абавязацельствы гарантаваць кожнаму права на свабоду слова і свабоду перакананняў, уключна са свабодай выказваць уласнае меркаванне, а таксама шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі, дзякуючы ўсім сродкам масавай інфармацыі, нягледзячы на межы (у адпаведнасці з Артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).
"Канферэнцыя прапануе стварэнне Еўрапейскага Савета па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі, запрашаючы прадстаўнікоў розных еўрапейскіх устаноў, а менавіта Еўрапейскага парламента, Парламента асамблеі Савета Еўропы і АБСЕ да ўдзелу ў ініцыятыве Савета па маніторынгу ў якасці ганаровых сяброў. Еўрапейскі Савет па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі будзе складацца з экспертаў міжнародных няўрадавых арганізацый. Савет засяродзіцца на маніторынгу і экспертным аналізе сітуацыі са СМІ і свабодай слова ў Беларусі, рэагаванні на крокі беларускіх улад у галіне СМІ і свабоды слова, а таксама на выпрацоўцы рэкамендацый па паляпшэнні сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі", — адзначаецца ў рэзалюцыі.
Канферэнцыя заклікала беларускія ўлады да:
— спынення выкарыстоўвання артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія абмяжоўваюць права на пошук, атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі;
— перагляду нацыянальнага заканадаўства па СМІ і прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнародным стандартам, адмены альбо ўводу мараторыя на прымяненне пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а менавіта артыкула 367 "Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", артыкула 368 "Абраза ў адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", артыкула 369 "Абраза прадстаўніка ўлады", артыкула 369-1 "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" і артыкула 193-1, які тычыцца дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый;
— спынення адміністрацыйнага пераследу журналістаў, якія працуюць на асвятленні масавых акцый, перадусім, падчас выбарчых кампаній;
— адмаўлення ад дзяржаўнай манаполіі ў галіне СМІ, друку і сістэмы распаўсюджвання, радыё і тэлебачання;
— скасавання забароны на распаўсюджванне і друк незалежнай прэсы, вяртання газет "Народная воля" і "Товарищ" у беларускія друкарні;
— неадкладнага вяртання маёмасці, канфіскаванай падчас ператрусаў у кватэрах журналістаў.
Канферэнцыя заклікала Еўрапейскі Саюз, Савет Еўропы і АБСЕ падтрымаць стварэнне Еўрапейскага Савета па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі.
Адным словам, у Еўропе разумеюць: пакуль улады Беларусі будуць душыць свабоду слова, пакуль такая вядомая недзяржаўная газета, як "Народная воля", будзе вымушана друкавацца за мяжой, гаварыць, скажам, пра дэмакратычныя перамены ў нашай краіне не даводзіцца. Асабліва актуальна гучыць гэты вывад напярэдадні чарговых парламенцкіх выбараў. Вядома: без свабоды слова не могуць быць свабоднымі, дэмакратычнымі выбары.