Гомель: таямніцу расстрэлаў даводзіцца высьвятляць праз суд
Сёньня ў Навабеліцкім раённым судзе Гомеля разглядаецца пазоў дэмакратычнага актывіста Кастуся Жукоўскага да мясцовай адміністрацыі.
Актывіст дамагаецца, каб улады далі яму магчымасьць пазнаёміцца з матэрыяламі раскопак у лесе за Навабеліцай, праведзеных у траўні мінулага году.
Гаворыць спадар Жукоўскі:
“Я падаў у суд на Навабеліцкі райвыканкам. Яны адмовілі мне ў просьбе азнаёміцца з дакумэнтамі. Тымі, над якімі працавала камісія, што вывучала, каму належаць парэшткі людзей, знойдзеныя ў Навабеліцкім лесе ў траўні 2007 году. Што было выкапана? Колькі? Як ляжала? Колькі было выкапана куль, гузікаў і ўсяго астатняга? Яны параілі мне пазнаёміцца з афіцыйнымі зьвесткамі ў газэтах “Маяк” і “Гомельская праўда”. Але там не было напісана пра тое, што мяне цікавіць. Паводле закону я маю права на такую інфармацыю. Яны парушылі гэтае маё канстытуцыйнае права, і я падаў на іх у суд”.
У лесе за Навабеліцай летась у траўні салдаты 52-га асобнага пошукавага батальёну Міністэрства абароны сапраўды знайшлі парэшткі сямідзесяці расстраляных людзей.
Мясцовыя ўлады стварылі камісію дзеля вывучэньня матэрыялаў раскопак. Аднак праца яе не афішавалася.
У камісію ўлады адмовіліся ўключыць нават вядомых гісторыкаў ды археолягаў, у прыватнасьці — прапанаваных Грамадзкай ініцыятывай дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Між тым сьведкі зь ліку сталых жыхароў навакольных вёсак распавядаюць, што ў 30-я гады ў лесе пад Гомелем службоўцы НКВД масава расстрэльвалі мірных жыхароў.
Кастусь Жукоўскі — адзін з актывістаў, які запісваў сьведчаньні людзей пра існаваньне “гомельскіх Курапатаў”. Ён браў таксама ўдзел ва ўсталяваньні дэмакратычнымі актывістамі ў лесе на месцы расстрэлаў памятнага каменя: “Тваім пакутнікам, Беларусь”.
Старшыня рэспубліканскага Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч выказвае сваю думку наконт прычынаў замоўчваньня ўладамі сталінскіх рэпрэсіяў:
“У Беларусі народу зноў спрабуюць навязаць савецка-камуністычныя каштоўнасьці. І адпаведна злачынныя сталінскія рэпрэсіі, іншыя злачынныя дзеяньні савецкага рэжыму сучасным ідэолягам проста нявыгадныя. Таму ўсе злачынствы й хаваюцца.
Нават калі гэтая справа, як кажуць, будзе “тухлай” і Жукоўскі нічога не даможацца, — гэта будзе чарговым паказьнікам таго, што ўлада ня лічыцца з грамадзтвам, што ўлада хавае інфармацыю. Нават у такіх варунках справа карысная”.