За хвіліну трыманьня бел-чырвона-белага сьцягу - 470 тысяч рублёў
Ленінскі раённы суд Гародні прызнаў гарадзенскага праваабаронцу Віктара Сазонава і старшыню абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна віноўнымі ў парушэньні арт. 23.34 КаАП ("Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў") і прысудзіў да выплаты буйных штрафаў .
Сёньня закончыўся суд над гарадзенскімі дэмакратычнымі дзеячамі Віктарам Сазонавым і Юрыем Істоміным. Сьведкі з боку міліцыі маёры Сяргей Вечар і Андрэй Аўтух далі паказаньні, што Віктар Сазонаў і Юры Істомін на несанкцыянаваным шматлюдным канцэрце з даху адміністрацыйнага будынку шэсьць хвілінаў махалі бел-чырвона-белым сьцягам. На падставе іхных тлумачэньняў судзьдзя Натальля Козел вынесла прысуды – сп. Сазонаву 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. руб.), а сп. Істоміну, паколькі ў яго ўжо другое за год парушэньне па гэтым артыкуле, ажно 50 базавых велічыняў (1 млн. 750 тыс. руб.). Разам гарадзенскія апазіцыянеры мусяць заплаціць дзяржаве 2 мільёны 800 тысячаў рублёў, больш за 1.300 даляраў).
Такім чынам, кожная хвіліна трыманьня ў руках беларускай нацыянальнай сімволікі актывістам абыйшлася ў 470 000 рублёў кары.