viasna on patreon

Актывіста партыі БНФ звальняюць зь “Белтрансгазу”

2008 2008-06-05T14:07:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўніка кобрынскай суполкі партыі БНФ Аляксандра Меха папярэдзілі пра звальненьне з працы.

Актывіст кажа, што гэты зьвязана зь ягоным намерам удзельнічаць у будучых парлямэнцкіх выбарах.

Аляксандар Мех працуе ў Кобрынскай управе магістральнага газаправоду “Белтрансгазу” ўжо 14 гадоў. Быў майстрам, зараз — інжынэр. Што да працы, кажа, ніякіх прэтэнзіяў да яго няма. Між тым сёньня, 4 чэрвеня, Аляксандра Меха выклікаў да сябе начальнік управы Ўладзімер Галошка, каб паведаміць падначаленаму, што ягоны кантракт, які заканчваецца ў канцы чэрвеня, больш працягнуты ня будзе.

Размова адбывалася ў прысутнасьці чалавека, які назваўся начальнікам мясцовага КДБ, але прозьвішча свайго не сказаў. Супрацоўнік КДБ, паводле Аляксандра Меха, ня проста прысутнічаў, а даводзіў і сваю пазыцыю. Актывіст мяркуе, што яго звальняюць з прычыны намеру ўдзельнічаць у будучых парлямэнцкіх выбарах, прычым робяць гэта паказальна, для іншых актывістаў.

“Гэтак будзе рабіцца, каб вынішчыць усю апазыцыю напярэдадні выбараў. Каб выбары для іх прайшлі спакойна, каб ніхто ім не перашкаджаў”.

Службовыя тэлефоны начальніка Кобрынскай управы магістральных газаправодаў Уладзімера Галошкі не адказалі, аднак мне ўдалося дазваніцца да аддзелу кадраў управы. Загадчыца Сьвятлана Юрэня ўжо ведала пра звальненьне Аляксандра Меха і пацьвердзіла вэрсію пра заканчэньне кантракту. Але чаму ён не працягнуты, адказала гэтак:

“Наймальнік мае права разарваць з наёмным працаўніком у любы час. А адкуль у Радыё Свабода такія пытаньні?”

Аляксандар Мех узначальвае ў Кобрыне мясцовую філію партыі БНФ, актыўна падтрымлівае і рух Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду”. Спадар Мех з сумам кажа, што калі яго звольняць, цяжка будзе знайсьці працу ня тое што ў дзяржаўнай структуры, але нават і ў прыватнай.

Паводле назіральнікаў, сярод захадаў ціску на актывістаў апазыцыі напярэдадні выбараў звальненьне з працы — не адзіная, якую пачалі выкарыстоўваць улады. Нядаўна ў Менску быў затрыманы актывіст Зьміцер Шыманскі, у якога забралі ўласныя грошы нібыта на праверку і зьнялі допыт на відэа, якое пазьней паказалі па тэлевізіі. “Напярэдадні выбараў гэта будзе рабіцца часьцей, каб скампрамэтаваць апазыцыю”, — казаў тады Зьміцер Шыманскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства