viasna on patreon

Суд адмовіў Анатолю Лябедзьку ў разглядзе іска наконт забароны яму на выезд за мяжу

2008 2008-06-02T18:32:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд Цэнтральнага раёна Мінска адмовіў лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку ў разглядзе іска наконт забароны яму на выезд за мяжу.

Іск у суд у дачыненні да органаў унутраных спраў быў накіраваны 15 мая. А.Лябедзька запатрабаваў абавязаць упраўленне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Мінска выключыць яго з базы звестак невыязных асоб.

У інтэрв'ю БелаПАН А.Лябедзька паведаміў, што суд нават не прыняў іск да разгляду. "У іх адказе зазначаецца, што я павінен абскардзіць рашэнне міліцыі ў Міністэрстве ўнутраных спраў", — зазначыў ён.

"Я не маю ілюзій наконт станоўчага разгляду гэтай справы ў беларускіх судах. Аднак буду абскарджваць рашэнне ў гарадскім, Вярхоўным судах. Гэта неабходная працэдура, каб накіраваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН", — заявіў А.Лябедзька.

Нагадаем, А.Лябедзьку адмоўлена ў выездзе за межы Беларусі на падставе крымінальнай справы, распачатай па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў 2004 годзе. Палітыка абвінавацілі па частцы 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі) пасля яго інтэрв'ю праграме "Люстра" (тэлеканал "Россия") і публікацыі ў газеце "Народная воля".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства