viasna on patreon

Настаўнікі сусветнай мастацкай культуры просяць захаваць іх прадмет у школе

2008 2008-05-23T14:38:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Настаўнікі сусветнай мастацкай культуры больш чым з 20 гарадоў Беларусі выступілі з адкрытым лістом наконт запланаванага скарачэння вучэбнай нагрузкі ў школе за кошт гуманітарных дысцыплін.

Тэкст адозвы БелаПАН перадала кіраўнік мазырскага раённага метадычнага аб'яднання настаўнікаў айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, аўтар шматлікіх работ па сваёй спецыяльнасці Святлана Філімонава.

Пад лістом стаяць прозвішчы педагогаў з Гомеля, Гродна, Магілёва, Мінска, Віцебска, раённых цэнтраў. Настаўнікаў падтрымала ўдава сусветна вядомага рэчыцкага мастака Аляксандра Ісачова.

"Ідэя скараціць вучэбную нагрузку за кошт дысцыплін адукацыйнай галіны "мастацтвы", у тым ліку за кошт прадмета "айчынная і сусветная мастацкая культура", гучыць як нонсенс на фоне звароту прэзідэнта да народа і парламента, у якім гаворка ішла аб духоўным здароўі нацыі. Дысцыпліна СМК — краевугольны камень у выхаванні духоўнасці нашых дзяцей. Усяго ў трох класах па адной гадзіне ў тыдзень адводзілася гэтаму прадмету. (Для параўнання: у Расіі СМК пачынаюць вывучаць з 5 класа і да выпуску).

У большасці школьнікаў урокі матэматыкі будуць запатрабаваны для пераліку грашовых купюр у кашальках, хімія — для набыцця мыйных сродкаў, біялогія — каб адрозніць сардэчны боль ад ныркавага, геаграфія — для арыентацыі ў частках свету, фізіка ў быце абмяжуецца закіпаннем вады ў чайніку. Але хто мы без душы, без культурнай спадчыны мінулага? З выхаваннем у школьнікаў патрыятызму могуць справіцца толькі дысцыпліны галіны "мастацтвы". Менавіта яны ствараюць баланс "адукацыя-выхаванне".

Заклікаем усіх, ад каго залежыць прыняцце рашэнняў аб адукацыі, не зрабіце памылкі. Нашчадкі гэтага не даруюць", — гаворыцца ў лісце настаўнікаў.

Як зазначыла С.Філімонава, падобныя лісты былі накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта і Беларускі экзархат.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства