«Еўрапейская Беларусь» супраць дзяржаўнай прапаганды
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у алегарычнай форме звярнулі ўвагу жыхароў сталіцы на становішча ў сферы СМІ.
16 траўня (прыкладна а палове восьмай) каля кінатэатра «Кастрычнік» можна было назіраць такую карціну: насупраць старога савецкага тэлевізара з надпісам на экране «БТ» і субтытрамі «Усё добра. Усё чотка» на нумарах газеты «Советская Белоруссия» сядзела каля двух дзесяткаў маладых людзей. У іх былі залепленыя скотчам рты, а рукі закладзены за спіну. Так доўжылася прыкладна з хвіліну. Пасля моладзь узнялася, паздзірала з сябе скотч, скамячыла газеты. Тэлевізар выкінулі ў сметніцу каля выхаду з метро. Мінакі здзіўлена пазіралі на моладзь, фатаграфавалі тое, што адбывалася, але пытанняў не задавалі...
Ніхто з удзельнікаў пэрфомансу ад міліцыянтаў не пацярпеў.