Журналістка Юлія Дарашкевіч падала скаргі на дзеянні супрацоўнікаў АМАПу
Пра гэта паведаміў сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў
Фотакарэспандэнт "Нашай Нівы" Юлія Дарашкевіч падала скаргі ў гродзенскую абласную пракуратуру і начальніку Ленінскага РАУС. Яна скардзіцца на супрацоўнікаў АМАПу, якія затрымалі яе падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10 сакавіка ў Гродне. Падчас мітынгу Ю.Дарашкевіч рабіла здымкі, калі яе схапілі два ўзброеных гумовымі дубінкамі супрацоўніка АМАП з маскамі на тварах і ў шлемах і павялі да мікрааўтобуса з арыштаванымі прадпрымальнікамі. Журналістка мела пасведчанне-бэдж, замацаваны на верхняй вопратцы, і адразу паведаміла АМАП-аўцам пра свой прафесійны статус. Але аднак яны адвялі журналістку на процілеглы ад масавай акцыі бок плошчы Леніна і адпусцілі, паражаючы фізічным пакараннем, калі яна ізноў з'явіцца каля прадпрымальнікаў.
У пададзенай скарзе Ю. Дарашкевіч сцвярджае, што супрацоўнікі міліцыі перашкодзілі ёй ў выкананні прафесійных абавязкаў, груба парушылі "Закон аб друку" і "Загад №1" пра добразычлівыя паводзіны супрацоўнікаў міліцыі з грамадзянамі, аддадзены сёлета міністрам унутраных справаў Уладзімірам Навумавым. Журналістка патрабуе прыцягнення вінаватых да адказнасці.