viasna on patreon

Міністэрства інфармацыі ўзмацняе кантроль за электроннымі медыямі

2005 2005-03-04T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У структуры Міністэрства інфармацыі створанае ўпраўленьне, якое будзе кантраляваць дзейнасьць электронных СМІ, уключна з FM-радыёстанцыямі, рэгіянальнымі тэле– і радыёаб’яднаньнямі ўсіх формаў уласнасьці.

Як указана на інтэрнэт-сайце Міністэрства інфармацыі (mininform.gov.by), які пачаў працаваць ад пачатку гэтага тыдня, новае ўпраўленьне будзе рэгуляваць распаўсюд інфармацыі электроннымі СМІ – тэлеканаламі, а таксама радыёстанцыямі ўсіх формаў уласнасьці. Куратарам упраўленьня – намесьнік міністра інфармацыі Сяргей Булацкі.

Першымі крокам упраўленьня электронных СМІ стаў пералік аўтараў і выканаўцаў, складзены сумесна з Міністэрствам культуры, дзеля трансьляцыі ў эфіры. Названыя артысты, якіх ад гэтага часу можна лічыць “беларускімі выканаўцамі”, хоць, насамрэч, самі яны даўно лічаць сваёй радзімай Расею.

Гэты тычыцца гуртоў “Бі-2” і “Начныя снайпэры”, а таксама сьпевакоў Юрыя Антонава, Алены Сьвірыдавай, Ігара Карнелюка, Эдуарда Ханка. Апошні, дарэчы, наўпрост сцьвярджае, што да Беларусі ня мае і ня хоча мець ніякага дачыненьня.

Былы рэдактар “Радыё-2” Уладзімер Дзюба сказаў карэспандэнту Радыё Свабода, што стварэньне чарговай структуры кантролю над інфармацыйнай прасторай нагадвае яму савецкія часы, калі газэты, радыё і тэлебачаньне выконвалі, найперш, ролю агітатараў і прапагандыстаў.

Нагадаем, што напярэдадні Мінінфармацыі вынесла чарговыя папярэджаньні шэрагу FM-радыёстанцый за невыкананьне загаду на 75-% насычэньне эфіру беларускімі выканаўцамі. Магчыма, коштам павелічэньня колькасьці “беларусаў” з ліку расейскіх сьпевакоў праблема дэфіцыту беларускай музыкі ў эфіры будзе зьнятая.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства