Просіце пікет – атрымайце сустрэчную акцыю
Намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама па ідэалогіі Сяргей Меркулаў у чарговы раз забароніў правядзенне незапланаванга вертыкаллю мерапрыемства.
На гэты раз прычынай для забароны стала "святочная акцыя з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў".
Як паведаміла адна з ініцыятараў пікету Святлана Міхальчанка, пікет планавалася правесці з 14 да 17 гадзін на гарадской набярэжнай каля летняй сцэны.
Аднак, як аказалася, менавіта ў гэтым месцы райвыканкам запланаваў на 18 гадзін святочную акцыю. "З 12 гадзін пачнуцца працы па мантажу сцэны і абсталявання для правядзення канцэрту. У сувязі з вышэйпададзеным, раённы выканаўчы камітэт не дае дазволу на правядзенне вамі масавага мерапрыемства", –- паведаміў С. Меркулаў.
Па словах С. Міхальчанкі, у студзені грамадзяне таксама звярталіся ў райвыканкам з заявай аб правядзенні пікету на гарадской набярэжнай. Тады С. Меркулаў даслаў забарону ў сувязі з тым, што на той жа дзень райвыканкам запланаваў там заліўку катка.