Аплаціць галадоўку!
Ізалятар часовага ўтрыманьня Гомеля падаў у суд пазоў з патрабаваньнем спагнаць з кіраўніка Гомельскай філіі "Маладога Фронту" Андруся Цянюты грошы, якія маладафронтавец павінен быў выплаціць за 10-сутачны арышт перад Днём Волі.
“Я вельмі абураны такімі патрабаваньнямі, бо мой арышт быў незаконным і ганебным, ў знак пратэсту ў судовай залі я аб’явіў галадоўку. За што я павінен плаціць грошы, калі я адмаўляўся ад ежы (што, дарэчы, было зафіксавана ў афіцыйных дакумантах), я не разумею. Таму нават калі суд задаволіць пазоў ІЧУ, ці наўрад я буду штосьці аплочваць,” - тлумачыў Андрусь Цянюта напярэдадні суду.
Тым ня менш, суд, які адбыўся 7 траўня, задаволіў пазоў, і цяпер маладафронтавец вінен ізалятару 44 150 рублёў “за ўмовы знаходжаньня”. Між тым, адзінай “умовай дабрабыту” у камеры ізалятара, па словах Андруся Цянюты, была электрычная лямпачка.