Камісар Еўразвяза расчараваная апошнімі крокамі беларускіх улад
Пра гэта камісар Еўразвяза па знешнім сувязям і палітыкі добрасуседства Бэніта Ферэра Вальднэр піша ў сваім лісце лідэру Руху “За Свабоду” Аляксандру Мілінкевічу.
Спадарыня Фэрэра-Вальднэр выказвае заклапочанасць працягам палітычна матываваных арыштаў і трывалага пераследу грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Камісар па знешнім сувязям і палітыкі добрасуседства заўважае, што адзначэнне беларусамі ўгодкаў БНР суправаджалася жорсткім падаўленнем мірных дэманстрантаў і абуральнымі спробамі пагрому незалежных сродкаў масавай інфармацыі з боку ўлады, што атрымала належную ацэнку Еўропы.
“Гэтыя падзеі мяне глыбока расчаравалі, бо апошнім часам, літаральна дагэтуль, мы бачылі пэўныя пазітыўныя сігналы, звязаныя з выхадам на свабоду пяці з шасці вязняў прызнаных міжнароднай супольнасцю палітычнымі, адмовай ад абвінавачванняў у адрас Беларускага Хельсінскага камітэту, а таксама цвёрдым намерам Беларусі запрасіць групу доўгатэрміновых наглядальнікаў ад АБСЕ-БДІПЧ падчас парламенцкіх выбараў у верасні. Гэтыя крокі выклікалі надзею, што кіраўніцтва Беларусі пачало дзейнічаць у станоўчым накірунку”, – піша ў сваім лісце Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
Камісар Еўразвяза ў сваім пасланні нагадвае пра размову з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Сп. Варанецкім, якая адбылася 7 сакавіка падчас падпісання Пагаднення аб утварэнні прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Мінску. Галоўнай тэмай той размовы была праблема палітычных зняволеных, у прыватнасці Аляксандра Казуліна, які мусіць быць безагаворкава вызвалены, калі Беларусь хоча развіваць стасункі з Еўрапейскім Саюзам у кірунку іх большай шчыльнасці.
“Відавочна, што для пачатку паўнавартаснага партнёрства паміж Беларуссю і ЕС спатрэбяцца іншыя крокі ў бок дэмакратызацыі, шанавання правоў чалавека і вяршынства закону. З гэтага гледзішча правядзенне парламенцкіх выбараў 2008 году будзе вызначальным. ЕС будзе пільна назіраць за развіццём падзеяў падчас гэтых выбараў”, – падсумоўвае Бэніта Ферэра Вальднэр.