Пракуратура падтрымлівае дзеяньні КДБ у дачыненьні да незалежных журналістаў
Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці не выявіла парушэнняў заканадаўства у дзеяннях асобаў, што праводзілі ператрус у кватэры сябра БАЖ Анатоля Гатоўчыца і забралі яго працоўныя прылады. Што да вяртання журналісту забраных рэчаў рашэнне будзе прымаць «орган, які вядзе крымінальны працэс».
Пра гэта гаворыцца ў лісце (№ 31/4 Г-80 ад 29.04.2008), які сп. Гатоўчыц атрымаў у адказ на свой зварот у абласное ўпраўленне КДБ. Журналіст патрабаваў вярнуць адабраную ў яго супрацоўнікамі КДБ маёмасць — камп’ютары, фотаапарат, кнігі, дыскі і іншыя рэчы і падкрэсліваў, што гэтыя рэчы былі яго працоўнымі прыладамі.
Па выніках праверкі абласное ўпраўленне КДБ прыйшло да высновы, што ператрус у кватэры сп-ра Гатоўчыца праведзены «ў адпаведнасці з патрабаваннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, у рамках выканання следчага даручэння, на падставе пастановы, якую санкцыянаваў намеснік пракурора г. Мінска Стук А.К.
«Рашэнне адносна таго, прызнаць забраныя прадметы і дакументы рэчавымі доказамі альбо вярнуць іх законнаму ўладальніку, прымае орган, які вядзе крымінальны працэс, — гаворыцца ў лісце.
Раней пракуратура г. Мінска на аналагічны зварот Анатоля Гатоўчыца адказала, што «пытанне… будзе разгледжана паўторна пасля заканчэння даглядаў гэтай маёмасці».