Праваабаронца Раман Кісляк абскардзіў пастанову райсуда ў Вярхоўным судзе
27 верасня 2007 гаду суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў праваабаронцу Рамана Кісляка вінаватым ва ўчыненні правапарушэння, прадугледжанага ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства), і аштрафаваў на дзве базавыя велічыні (62 тыс. рублёў). Раман Кісляк 1 траўня накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд на гэтае рашэнне райсуда.
Як паведаміў БелАПАН праваабаронца, пратакол у адносінах да яго быў складзены пасля таго, як яго ў ліку 28 чалавек затрымалі супрацоўнікі міліцыі 19 жніўня 2007 гаду ў офісе Брэсцкай арганізацыі Партыі БНФ падчас прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца "Лісты з лесу".
"Лічу, што ў маіх дзеяннях няма складу адміністрацыйнага правапарушэння. Я прысутнічаў на адчыненым паседжанні рады гарадской арганізацыі Партыі БНФ, дзе адным з пытанняў парадку дня была сустрэча з Паўлам Севярынцам, і ў прыватнасці прэзентацыя яго кнігі "Лісты з лесу", - заявіў праваабаронца. - На гэтай падставе я сцвярджаю, што маё затрыманне і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці незаконныя".
Па словах Р. Кісляка, у сваёй скарзе ў Вярхоўны суд ён таксама паведамляе, што з затрыманых 28 чалавек пратаколы былі складзеныя на 15. У судзе супрацоўнікі міліцыі казалі, што яны афармлялі дакументы аб правапарушэнні на тых, хто пападаў у іх поле зроку. "Мяне яны ведалі ў сувязі з маёй праваабарончай дзейнасцю. Лічу, што прымусовы прывад і затрыманне - гэта помста супрацоўнікаў міліцыі за тое, што я раней абскардзіў іх незаконныя дзеянні", - адзначыў Р. Кісляк.
Акрамя таго, у дакуменце, накіраваным старшыні Вярхоўнага суду, праваабаронца зважае на тое, што суд неабгрунтавана прызнаў сход у офісе Партыі БНФ несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, на якое патрабуецца дазвол органаў выканаўчай улады. "Такое тлумачэнне заканадаўства і практыка яго ўжывання прыводзіць да фактычнай ліквідацыі свабоды мірнага сходу ў Беларусі", - заяўляе ў сваёй скарзе праваабаронца.
Варта сказаць, што гэта ўжо чацвёртая скарга ў Вярхоўны суд ад прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў сустрэчы ў офісе Брэсцкай арганізацыі Партыі БНФ 19 жніўня 2007 гаду.