Грамадскі рэзананс будзе
Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася ад удзелу ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства”. Са словаў Алеся Бяляцкага, насьцярожвае тое, што Цэнтравыбаркам упарта не ідзе на дыялёг з грамадскасьцю, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, палітычных партый. Гэта адбываецца якраз напачатку выбарчай кампаніі.
З другога боку, дзеля паляпшэньня сваёй працы і выбарчага працэса Цэнтравыбаркам сам мусіць быць зацікаўлены ў двухбаковай сувязі з грамадскімі арганізацыямі й палітычнымі партыямі, каб не дапусьціць тых ці іншых пралікаў. “Боязь такіх кантактаў насьцярожвае, таму хацелася б мець больш шчыльныя кантакты і праблемы, якія абмяркоўваліся на гэтай канфэрэнцыі мусілі быць цікавымі і для сяброў ЦВК. На жаль, такога супрацоўніцтва ў нас пакуль што не атрымліваецца.” – адзначае Алесь Бяляцкі.
Аднак грамадскія арганізацыі не збіраюцца адступаць. Яны плянуюць працягваць назіраньне за выбарчым працэсам.
Вынікі гэтага назіраньня дадуць магчымасьць напрыканцы мясцовых выбараў зрабіць іх ацэнку ў сэнсе дэмакратычнасьці, празрыстасьці, адкрытасьці й галоснасьці.
“Тыя часы, калі можна было правесьці выбарчыя кампаніі без усялякага грамадскага рэзанансу прайшлі. Нельга спадзявацца нашай выканаўчай уладзе і ЦВК, што грамадскія арганізацыі будуць сядзець склаўшы рукі і маўчаць, калі будуць адбывацца масавыя парушэньні. Безумоўна, мы будзем пра іх гаварыць і мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб такіх парушэньняў было як мага меней.” – адзначае Алесь Бяляцкі.
Сакаардынатар “Незалежнага назіраньня” Мечыслаў Грыб заклікае ўсіх сумленных грамадзян Беларусі прыняць удзел у назіраньні за выбарамі. Аднак кампаніі па назіраньні, якая была ў 2000-2001 гадах гэтым разам не плянуецца. Назіраньне будзе выбарачным у тых населеных пунктах, якія маюць большую зацікаўленасьць, у тых выбарчых акгругах, дзе на папярэдніх выбарах было выяўлена больш парушэньняў выбарчага заканадаўства. Гэта зьвязана з палітычнай значнасьцю выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў і з адсутнасьцю сродкаў на арганізацыю гэтай кампаніі па назіраньні. Усё будзе праводзіцца сябрамі грамадскіх аб’яднаньняў добраахвотна.
На міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства” прыняты зварот да грамадзянаў, выбарчых камісій і прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады. У гэтым дакумэнце пералічаны крытэры для ацэнкі адкрытасьці і галоснасьці мясцовых выбараў на падставе дзейнага заканадаўства. “У выпадку невыкананьня пералічаных крытэраў, - гаворыцца ў Звароце, - выбары нельга будзе лічыць адкрытымі і галоснымі, і можна будзе меркаваць, што яны былі сфальшаваныя і падтасаваныя”.
Сакаардынатар “Незалежнага назіраньня” Мечыслаў Грыб
быў членам групы па распрацоўцы Рэзалюцыі і Звароту, прынятых на канфэрэнцыі. З ягоных словаў, асноўная ўвага зьвернута на працу і фармаваньне выбарчых камісій усіх узроўняў, пачынаючы ад ЦВК і канчаючы ўчастковай, а таксама на працу назіральнікаў за выбарамі. Гэтыя прапановы зробленыя зыходзчы з вопыту назіраньня за выбарамі ў 2000-2001 гадах. “Мэта адна, калі гэта будзе ўлічана выбарчымі камісіямі і прадстаўнікамі выканаўчай улады ў РБ, тады выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў будуць праведзены больш галосна і больш адкрыта, як гэта магчыма ў адпаведнасьці з сёньняшнім беларускім заканадаўствам. Гэта будзе падставай для ацэнкі выбараў міжнароднай супольнасьцю.”, - адзначае Мечыслаў Грыб.
Зноў праблемы з візамі
Двое замежных экспэртаў, якія мусілі прыехаць на міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства”, не атрымалі ўязных візаў ад беларускіх уладаў.
Андрыян Марару з Румыніі, які прадстаўляе інстытут публічнай палітыкі даведаўся, што ягонае імя ўнесенае ў сьпіс асобаў, непажаданых на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, беларускія ўлады аддзячылі спадару Марару, які ўваходзіў у склад місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 года ў Беларусі.
Робэрт Бах з Чэхіі - другі экспэрт, які не атрымаў уязной візы ад беларускіх уладаў. Ён быў рэкамендаваны для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі вядомай чэскай арганізацыяй “Чалавек у нядолі”. Робэрт Бах удзельнічаў у місіях АБСЭ па назіраньні за выбарамі ў розных краінах. Пасьля цяганіны з дакумэнтамі, беларуская амбасада ў Празе паведаміла, што, маўляў, не пасьпее выдаць візу спадару Баху.
Улічваючы гэтыя факты, відавочна, што беларускія ўлады працягваюць ранейшую тактыку адносна экспэртаў АБСЭ ў назіраньні за выбарамі: справядлівым назіральнікам і экспэртам ствараюцца безпадстаўныя перашкоды для ўезду на тэрыторыю краіны.
Патрапіць у Беларусь на канферэнцыю пашчасьціла аднак
прадстаўніку Нарвэжскага Гэльсінскага камітэту, кіраўніку місіі АБСЭ па назіраньні за выбарамі ў Босьніі-Герцагавіне, Малдове,Чарнагорыі, Сэрбіі, Харватыі, Украіне Карэ Волану. Ён даў высокую ацэнку міжнароднай канферэнцыі і адзначыў, што беларускія праваабаронцы робяць вельмі карысную справу для выпрацоўкі правілаў сумленнай гульні.
Айчынныя экспэрты, выступаючы на канферэнцыі, адзначылі, што цяперашняе выбарчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь не адпавядае міжнародным стандартам. Крытычныя заўвагі былі і ў замежных удзельнікаў дыскусіі. Карэ Волан лічыць, што беларускае заканадаўства можа шырока трактавацца адносна суб’ектаў выбарчага працэсу. Пагэтаму розныя дзяржорганы маюць вялікае поле для трактоўкі законаў, даходзячы нават да выключэньня кандыдатаў са сьпісаў.
Сыходзячы з міжнародных нормаў выбары павінны быць агульнымі, унівэрсальнымі, роўнымі, свабоднымі, тайнымі, прамымі і маюць праводзіцца сістэматычна. Выбарчы працэс мусіць адпавядаць асноўным правам чалавека; павінна прысутнічаць стабільнасьць і кантроль за выбарамі; працэс павінен быць прадказальным, нельга ўносіць зьмены ў апошні момант, патрэбныя працэдурныя правілы. Са словаў Карэ Волана, па двух апошніх пунктах у Беларусі ёсьць праблемы.
“Кіраваньне выбарчым працэсам уключае два асьпекты: разьмеркаваньне абавязкаў паміж дзяржорганамі і выбарчымі камісіямі, а таксама фармаваньне складу выбарчых камісій. У сваіх рэмарках АБСЭ адзначала, што існуе шырокая магчымасьць вылучэньня кандыдатаў ад розных арганізацый, а на самой справе прэзыдэнт і мясцовыя ўлады прызначаюць членаў камісій. Тут патрэбна дэталёвае заканадаўства для забесьпячэньня інтарэсаў усіх суб’ектаў. Ёсьць розныя шляхі для наладжваньня гэтага працэсу. – адзначыў у сваім выступе на канферэнцыі Карэ Волан. - Па міжнародных стандартах палітычныя партыі павінны мець шырокае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. Шмат ёсьць праблем і ў справе вылучэньня кандыдатаў. Дзіўна чытаць розныя правілы пра тое, якія дакумэнты павінны падавацца кандыдатамі ў члены выбарчых камісій. Гэтыя правілы накіраваныя на тое, каб людзі так ці іначай зрабілі памылку. Напрыклад, партыі, якія вылучаюць кандыдатаў на мясцовым роўні павінны мець мясцовую структуру гэтай партыі. Гэта патрабаваньне можна разглядаць толькі як абмежаваньне правоў партый. “
Спадар Волан спыніўся таксама на іншых аспэктах, сярод якіх
вылучэньне кандыдатаў працоўнымі калектывамі, аьсвятленьне выбарчай кампаніі ў СМІ, фінансаваньне кандыдатаў, датэрміновае галасаваньне, падлік галасоў. З ягоных словаў метады правядзеньня выбарчай кампаніі ў Беларусі ўнікальныя, бо такіх ужо не існуе ў цывілізаваным сьвеце.
“Агульная ацэнка выбарчага заканадаўства Беларусі паказвае, што існуюць вялікія магчымасьці для дзеяньняў уладаў у справе вылучэньня кандыдатаў у склад выбарчых камісій, звальненьня членаў выбарчых камісій, дзейнічаюць вельмі шырокія трактоўкі паклёпу і няправільнай інфармацыі ў часе выбарчай кампаніі. – сказаў спадар Волан. - Патрабуецца вялікая колькасьць дакумэнтаў для вылучэньня кандыдатаў, існуе магчымасць прыняцьця дэкрэтаў у апошнюю хвіліну. Зразумела, што прыняць усе зьмены ў выбарчае заканадаўства перад мясцовымі выбарамі не атрымаецца, але патрэбна паказаць добрую волю народа зьмяніць заканадаўства для правядзеньня адкрытых і сумленных выбараў. Неабходна паменшыць элементы заканадаўства, якія абмяжоўваюць суб’ектаў выбарчага працэсу, патрэбна забясьпечыць празрыстаць і бясьпеку выбараў. “
Экспэрт Карэ Волан спыніўся таксама на праблеме фінансаваньня выбарчай кампаніі. З ягоных словаў, калі ўрад забараняе дадатковае, прыватнае фінансаваньне кандыдатаў, кампанія ператвараецца ў шоў, якое ладзіць дзяржава, а кандыдат трапляе ў залежнасьць ад уладаў. У такім разе назваць выбары свабоднымі і шчырымі немагчыма.
У часе выбарчай кампаніі ўсе кандыдаты павінны мець роўны доступ да дзяржаўных СМІ, Спадар Волан лічыць за неабходнае, падумаць як будуць падавацца навіны ў гэты час. Трэба імкнуцца, каб дзяржаўныя СМІ – найперш тэлебачаньне і радыё – роўна падавалі навіны ў часе выбарчай кампаніі. Са словаў спадара Волана, выбарчая кампанія гэта не толькі тое, што кажа кандыдат, а ўсё палітычнае жыцьцё краіны ў гэты перыяд.
У першы дзень плянарнага паседжаньня канфэрэнцыі “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства” выступіў таксама прадстаўнік Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, удзельнік назіраньня за прэзыдэгцкімі выбарамі 2001 года, Іштван Кажэгі з Вэнгріі. Ён падкрэсьліў, што дэмакратыя немагчымая без свабодных выбараў. Правядзеньне свабодных выбараў з’яўляецца ўмовай прыняцьця краіны ў сябры Рады Эўропы.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Асацыяцыя выдала выніковы даклад, у якім выказаны шэраг рэкамендацый беларускаму боку адносна прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, складу ўчастковых выбарчых камісій, стварэньня рэальных умоваў адкрытасьці, публічнасьці і празрыстасьці ў дзейнасьці выбарчых камісій усіх узроўняў і так далей. Спадар Качэгі нагадаў, што спэцыялісты АБСЭ падкрэсьлілі неабходнасьць зрабіць выбары празрыстымі, не перасьледаваць прадстаўнікоў апазыцыі, не зачыняць друкарні, дзе выдаюцца апазыцыйныя газэты.
“Асацыяцыя арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Эўропы гатовая як самастойна так і сумесна з АБСЭ, іншымі эўрапейскімі і міжнароднымі арганізацыямі прыняць удзел у аказаньні тэхнічнай дапамогі паўнамоцным органам Рэспублікі Беларусь у справе ўдасканаленьня нацыянальнага выбарчага заканадаўства. – сказаў у выступе Іштван Кажэгі. – Я ўпэўнены, што
работнікі гэтай галіны, якія любяць сваю краіну, павінны быць інжынерамі свабоды і поўнай дэмакратыі ў Беларусі”.
Генеральная рэпетыцыя
Намесьнік старшыні Беларускага Гэльсінскага камітэта Гары Паганяйла адзначыў недэмакратычнасьць айчыннага выбарчага заканадаўства, якое не можа паставіць бар’ер на шляху адміністратыўнага рэсурса. Пагэтаму спэцыялісты павінны заняцца падрыхтоўкай зьменаў да Выбарчага кодэкса, каб дэпутаты Палаты прадстаўнікоў унесьлі іх на разгляд сесіі. Грамадскасьць павінна аказаць ціск на парламэнт, каб ён уключыў гэтае пытаньне ў парадак дня. Неабходна спланаваць акцыі па лабіраваньню гэтага працэсу, працаваць жорстка і мэтанакіраванна, інакш дэмакратычныя кандыдаты ніколі не змогуць прарвацца праз створаны ўладамі бар’ер.
У працы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства” прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч і Валеры Фралоў, якія выказалі гатовасьць да супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі.
Дэпутат Іван Пашкевіч заклікаў палітычныя партыі ўдзельнічаць у выбарах любога ўзроўню, найперш па той прычыне, што дэпутацкая трыбуна з’яўляецца на сёньняшні дзень адзінай легітымнай публічнай трыбунай. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка назваў мясцовыя выбары генеральнай рэпетыцыяй да парламэнцкіх. “Заявіўшы такі лёзунг, улада разьлічвае, што не вы будзеце займацца генеральнай рэпетыцыяй, а тыя, хто будзе кантраляваць гэтыя выбары. – адзначыў Іван Пашкевіч. – Мясцовыя Саветы – гэта самая дэкаратыўная галіна ўлады. Дэпутат гэтага ўзроўню займаецца пытаньнямі выдзяленьня зямельных ўчасткаў, своечасовага вывазу гною, тэлефанізацыі і г.д. Аднак удзельнічаць у гэтых выбарах неабходна, бо яны аб’яўлены генеральнай рэпетыцыяй”.
Іван Пашкевіч падтрымаў агульную ацэнку выбарчага заканадаўства Беларусі і назваў яго недасканалым. З ягоных словаў галасаваньне патрэбна праводзіць толькі ў дзень выбараў, а датэрміновае галасаваньне патрэбна наогул выключыць. “Я ўпэўнены, што ў часе генеральнай рэпетыцыі галасаваньне адбудзецца на сто працэнтаў перад афіцыйнай датай выбараў.” – падкрэсьліў Іван Пашкевіч. Ён заклікаў няўрадавыя арганізацыі правесьці незалежнае ўнутранае назіраньне за ходам выбарчай кампаніі.
“У законе патрэбна прапісаць ісьціну аб прадухіленьні ўмяшальніцтва дзяржорганаў ў работу выбарчых камісій, патрэбна папярэдзіць дзяржслужачых аб адказнасьці, прадугледжанай артыкуламі 191 і 192 крымінальнага кодэкса РБ за незаконнае ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс. Калі не дамагчыся гэтых зьменаў, то выбары можна не пачынаць. – лічыць дэпутат Іван Пашкевіч. – Партэбны таксама асобны пункт наконт СМІ, якія павінны кіравацца ў ходзе выбараў выключна канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам: незаконныя патрабаваньні адносна СМІ выкананьню не падлягаюць і прыпыняюцца пракуратурай.”
Група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў выказала гатовасьць аказаць дапамогу пэўным кандыдатам у дэпутаты мясцовых органаў улады, якія балатуюцца ў адмысловых выбарчых акругах.
Алесь Дашчынскі